У людзей нават не прымалі хадайніцтвы аб паручальніцтве, каб былога прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку адпусьцілі зь СІЗА.
«Гэта добраахвотная чарга ў аўтазак», — кажа адзін з такіх затрыманых Кастусь.
Кастусь і Юлія каля 14.00 аднымі зь першых прыйшлі ў прыёмную Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, каб падаць хадайніцтвы аб зьмене меры стрыманьня з узяцьця пад варту на асабістае паручальніцтва. Раней узяць Бабарыку на парукі пагадзіліся, сярод іншых, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч і вядомы дызайнэр Уладзімер Цэсьлер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Алексіевіч і Цэсьлер гатовыя ўзяць Бабарыку на парукіЮлія засталася чакаць на вуліцы, а Кастуся запрасілі ў будынак КДБ.
«Нас запусьцілі, спыталі навошта і сказалі „Калі хадайніцтва, то ідзіце сюды“. Усіх пасадзілі ў вялікім пакоі за драўляны стол. У пакоі ўжо былі два мажныя праваахоўнікі ў зялёнай форме. Ніхто не прадстаўляўся».
Кастусь кажа, што за сталом сядзелі 8 чалавек. Ні ў кога не правяралі дакумэнты, хадайніцтва ні ў кога ня ўзялі.
«Пасьля празь іншыя дзьверы нас вывелі ва ўнутраны двор КДБ, пасадзілі ў аўтобус, пасьля ў аўтазак. Хадайніцтва ў нас ніхто ня ўзяў. Атрымалася, як добраахвотная чарга ў аўтазак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Каля КДБ затрымалі журналістаў і дзясяткі ахвочых паручыцца за Бабарыку. ФОТАКастусь кажа, што ўсе супрацоўнікі былі «мэгаветлівыя». У аўтазаку мужчын разьмясьцілі ў «клетках». Усяго, па згадках хлопца, было 5 мужчын і 3 жанчыны. Іх адвезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну.
«Нічога не сказалі, за што затрымалі. Пачалі забіраць рэчы, нават матузкі. Я падпісаў сьпіс забраных рэчаў. Пасьля нас адвезьлі ў нейкі „цэнтар“, там узялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі», — працягвае хлопец.
Пасьля іх ізноў вярнулі ў Маскоўскае РУУС, дзе затрыманаму проста вярнулі рэчы і сказалі, што ён можа ісьці. Аніякіх тлумачэньняў у міліцыі не рабілі.
«Трох іншых павялі „афармляць“. Там былі два пэнсіянэры — мужчына і жанчына. Хтосьці зь іх акадэмік, і два індывідуальныя прадпрымальнікі», — кажа Кастусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дасьледчыкі сталінскіх рэпрэсіяў прайгралі Нацыянальнаму архіву чарговы суд аб доступе да зьвестак пра рэпрэсаваныхДля яго ўсё затрыманьне цягнулася каля 5 гадзін. Амаль увесь гэты час Юлія чакала яго ў раёне вуліцы Камсамольскай каля будынку КДБ. Кажа, што да яе падыходзіў супрацоўнік КДБ праверыць дакумэнты, размаўляў «вельмі ветліва».
«Праз гадзіну падышоў чалавек у цывільным і ня вельмі ветліва, з доляй агрэсіі пачаў размаўляць, тыкаць. Я сказала, што я чакаю блізкага чалавека, які пайшоў у КДБ. Ён мне на гэта сказаў: «З чаго ты ўзяла, што яго выпусьцяць?» У выніку ён папрасіў мяне «лучше проваливать на проспект».
Увесь гэты час Юлія ня ведала, дзе Кастусь, пакуль каля 19.00 ён ёй не пазваніў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Мастах і Воршы — новыя затрыманьні, у Берасьці — ператрус у актывіста «Эўрапейскай Беларусі»Кастусь кажа, што хадайніцтва аб асабістым паручальніцтве за Віктара Бабарыку падрыхтаваў, бо «трэба падтрымліваць людзей у такой сытуацыі». Тое, што людзей з хадайніцтвам затрымлівалі, тлумачыць жаданьнем «напалохаць».
Што стала зь іншымі затрыманымі, Кастусь ня ведае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Amnesty International заклікала неадкладна вызваліць анархіста ПаліенкуІншы затрыманы сёньня, Віктар Фянчук, іранічна апісаў сытуацыю на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:
«Пайшоў сёньня падаваць хадайніцтва аб паручальніцтве адносна Бабарыкі ў Сьледчае ўпраўленьне КДБ. Чалавек ён паважаны, я яму давяраю, у ініцыятыўнай групе адпрацаваў. Але адразу скажу — працэдура няпростая. Усё ветліва і тактоўна, але забюракратызавана. Павезьлі на праверку ў Фрунзенскі РУУС, адбіткі пальцаў, месца працы, пасада, фота ў анфас і профіль. Гэта ўсё зразумела. Адказнасьць немаленькая, калі вырашыць Віктар Дзьмітрыевіч уцячы, дык будзь гатовы да 500 базавых выкласьці. Таму, відаць, так сур’ёзна і падыходзяць да справы — каб і поўныя асабістыя дадзеныя да паручальніцтва падшытыя былі і крэдытная гісторыя праверана. Дрэнна толькі, у выніку так усё зацягнулася, што толькі да паловы дзявятай вечара з РУУС выйшаў. А нехта з хадайніцтвам, здаецца, і на ноч застаўся. У выніку таму ў КДБ ужо не пасьпеў, позна. Трэба зноў ісьці. Так што калі пойдзеце паручацца — плянуйце час з запасам)».
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», каля КДБ 28 ліпеня былі затрыманыя 12 журналістаў (амаль усіх адпусьцілі) і 36 грамадзян, якія спрабавалі падаць хадайніцтвы (некаторых зь іх таксама адпусьцілі да 22.30).