У Сэнаце ЗША ўхвалілі забарону на TikTok на ўрадавых прыладах

Камітэт у пытаньнях унутранай бясьпекі і ўрадавых справаў Сэнату ЗША прагаласаваў у сераду адзінагалосна за законапраект сэнатара-рэспубліканца Джоша Гоўлі, які забараняе фэдэральным службоўцам выкарыстоўваць праграму сацыяльнай сеткі TikTok на прыладах, якія выдаюцца ўрадам.

Цяпер законапраект будзе прыняты за разгляд у Сэнаце ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальнікаў сэрвісу TikTok пакаралі «за адыход ад каштоўнасьцяў сацыялізму»

TikTok належыць кітайскай фірме ByteDance і сярод амэрыканскіх паліыткаў расла занепакоенасьць, што асабістая інфармацыя карыстальнікаў з ЗША можа трапіць у рукі ўрадавых службоўцаў у Пэкіне.

У адпаведнасьці з законам, прынятым у 2017 годзе, кітайскія кампаніі абавязаныя супрацоўнічаць з кітайскімі спэцслужбамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць, калі заблякуюць Telegram ці зусім адключаць інтэрнэт

Раней на гэтым тыдні Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за тое, каб забараніць супрацоўнікам фэдэральных органаў усталёўваць праграму на прыладах, якія выдаюцца ўрадам, у рамках законапраекту аб абароннай палітыцы.

Пасьля прахаджэньня Палаты прадстаўнікоў і зацьвярджэньня ў сэнацкім камітэце, забарона неўзабаве можа стаць законам у ЗША.

Высокапастаўленыя чыноўнікі ў адміністрацыі Трампа таксама заявілі, што разглядаюць больш шырокую забарону TikTok і іншых праграмаў, зьвязаных з Кітаем, і што такая забарона можа быць прынятая неадкладна.