Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальнікаў сэрвісу TikTok пакаралі «за адыход ад каштоўнасьцяў сацыялізму»


Улады Кітаю пакаралі уладальнікаў сэрвісу TikTok — кампанію ByteDance — за тое, што іхная прадукцыя «адыходзіць ад сацыялістычных каштоўнасьцяў», «псуе атмасфэру ў грамадзтве» і дэманструе «вульгарны зьмест». Пра гэта паведамляе Bloomberg.

У прыватнасьці, адміністрацыя кібэрпрасторы Кітаю пакарала відэасэрвіс Xigua, які належыць ByteDance. Абмежаваньні таксама ўвялі для стрымінгавых пляцовак Huya і DouYu, інвэстарам якіх ёсьць буйны кітайскі холдынг Tencent. Адміністрацыя кібэрпрасторы Кітаю абавязала сэрвісы спыніць рэгістрацыю новых карыстальнікаў і выпуск абнаўленьняў.

Раней сацыяльная сетка TikTok выбачылася за выдаленьне роліку пра перасьлед мусульманаў у Кітаі. У дакумэнце сказана, што ролік выдалены выпадкова праз памылку мадэратара. Ён адноўлены. Да выдаленьня ролік набраў больш за два мільёны праглядаў. У ім 17-гадовая блогерка Фэроза Азіз пачынае размову тэмай падаўжэньня веек, але працягвае яе аповедам пра сытуацыю з мусульманамі ў Кітаі, якую яна называе новым Галакостам.

TikTok — сэрвіс для стварэньня кароткіх відэа, які мае больш за мільярд карыстальнікаў у 150 краінах сьвету. У Кітаі сэрвіс найбольш папулярны, аднак там ён працуе на асобных сэрвэрах з прычыны цэнзурных абмежаваньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG