У Луцку спэцназ захапіў аўтобус і вызваліў закладнікаў, якія там засталіся.
Раней паступілі паведамленьні, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выканаў адно з патрабаваньняў тэрарыста, які захапіў аўтобус з пасажырамі ў Луцку.
Зяленскі запісаў кароткі зварот, які, праўдападобна, яму прадыктаваў тэрарыст:
«Фільм „Зямляне“ 2005 году — глядзець усім», — прамовіў перад аб’ектывам Уладзімір Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі выканаў патрабаваньні тэрарыста, той адпусьціў трох закладнікаўНамесьнік кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка ўдакладніў, што пасьля гэтага звароту з аўтобуса былі вызваленыя трое закладнікаў — пажылая жанчына, падлетак і маладая цяжарная жанчына.
Кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў апублікаваў відэа, на якім відаць, як першы намесьнік шэфа Нацыянальнай паліцыі Яўген Коваль прымае трох адпушчаных з аўтобуса закладнікаў.
Раней у аўторак паведамлялася, што ў горадзе Луцку Валынскай вобласьці на захадзе Ўкраіны ўзброены чалавек захапіў аўтобус і ўзяў у закладнікі каля 20 чалавек. Паліцыя паведамляла, што з захопнікам вядуцца перамовы. Ён сам патэлефанаваў у паліцыю і прадставіўся як «Максим Плохой». Ён патрабаваў ад кіраўнікоў Украіны прызнаць сябе «тэрарыстамі», а ад прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага — запісаць відэазварот з заклікам глядзець дакумэнтальны фільм «Зямляне» 2005 году аб жорсткім абыходжаньні з жывёламі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскім горадзе Луцку ўзброены чалавек захапіў аўтобус з пасажырамі і адкрыў стралянінуАфіцыйна імя мужчыны не называецца, аднак украінскія СМІ высьветлілі, што гэта нейкі Максім Крывош. Ён зарэгістраваны ў суседняй Ровенскай вобласьці. Па дадзеных паліцыі, Крывош раней знаходзіўся на псыхіятрычным лячэньні і ў папраўчай калёніі. У інтэрнэце пад гэтым імем таксама апублікаваная кніга «Філязофія злачынца», у якой расказваецца пра тое, як аўтар знаходзіўся ў месцах пазбаўленьні волі.
Па дадзеных паліцыі, мужчына, які захапіў закладнікаў, меў агнястрэльную зброю, а таксама выбухоўку. Пры захопе аўтобуса ён зрабіў некалькі стрэлаў, аб пацярпелых не паведамляецца.