Бабарыка запатрабаваў абвергнуць зьвесткі зь сюжэтаў тэлеканалу «Беларусь-1»

Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Адвакаты Віктара Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі і Натальля Мацкевіч расказалі Tut.by пра рэакцыю іхнага падабароннага на сюжэты «Беларусь-1» пра «справу Белгазпрамбанку» і словы Лукашэнкі, што Бабарыка нібыта «зарыдаў, калі не зарэгістравалі, і пачаў паказаньні даваць».

«Сёньня мы наведвалі Віктара Дзьмітрыевіча, абмяркоўвалі гэтае пытаньне. Віктар Дзьмітрыевіч вырашыў накіраваць у Белтэлерадыёкампанію на падставе закону „Аб СМІ“ патрабаваньне пра абвяржэньне гэтых зьвестак і асобных сьцьвярджэньняў з рэпартажу „Справа „Белгазпрамбанку“: куды цяклі даляравыя рэкі“ як тыя, што не адпавядаюць рэчаіснасьці і зьневажаюць ягоныя гонар і годнасьць. Гэта патрабаваньне ён падпісаў пры нас і перадаў адміністрацыі СІЗА для накіраваньня па адрасе», — сказалі адвакаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка пра Бабарыку: «Калі не зарэгістравалі, зарыдаў і пачаў паказаньні даваць»

Напярэдадні на тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў сюжэт, у якім Аляксандар Лукашэнка заявіў, што так званая «справа Белгазпрамбанку» «не палітычная замова» і што ўсе, хто праходзіць у ёй, «даюць паказаньні», у тым ліку і Віктар Бабарыка, які «зарыдаў, калі не зарэгістравалі, і пачаў паказаньні даваць».

Мацкевіч і Лаеўскі дадалі, што пасьля паседжаньня ЦВК, на якім Бабарыку адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам, допытаў і іншых сьледчых дзеяньняў зь ім не праводзілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка назваў справу «Белгазпрамбанку» ўрокам для эканомікі і Нацыянальнага банку, дзе зрабіў перастаноўкі