Зоркі ў камандах кандыдатаў у прэзыдэнты: Шушкевіч, Статкевіч, Караткевіч

ЦВК абнародавала сьпісы давераных асобаў чатырох кандыдатаў у прэзыдэнты: Аляксандра Лукашэнкі, Андрэя Дзмітрыева, Святланы Ціханоўскай і Сяргея Чэрачня. Хто ж галоўныя паплечнікі кандыдатаў?

У сьпісе давераных асобаў Аляксандра Лукашэнкі — кіраўнікі абедзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу Ўладзімер Андрэйчанка і Натальля Качанава, кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, старшыня афіцыйнага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў. Таксама сярод яго давераных асобаў — Усевалад Янчэўскі, кіраўнік ПВТ, які зьмяніў на гэтай пасадзе Валера Цапкалу, які таксама спрабаваў балятавацца ў прэзыдэнты. У сьпісе Лукашэнкі — 30 давераных асобаў, максымальная дапушчальная паводле закону колькасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, хто будзе дапамагаць Лукашэнку заступіць на шосты прэзыдэнцкі тэрмін 

У сьпісе Андрэя Дзмітрыева 20 давераных асобаў. Сярод іх — экс-кандыдат у прэзыдэнты Тацьцяна Караткевіч, вядомая фітнэс-трэнэр Натальля Наважылава і публіцыст Ігар Драко.

У Святланы Ціханоўскай — 30 давераных асобаў. Прынамсі, двое зь іх знаходзяцца ў зьняволеньні — муж Сьвятланы Сяргей і палітык Мікола Статкевіч. Сярод чальцоў групы — старшыня АГП Мікалай Казлоў, вядомы кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, грамадзкая актывістка, маці палітыка Паўла Севярынца, Тацьцяна Севярынец.

Аднак учора на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з прадстаўніцамі штабоў Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы Сьвятлана Ціханоўская дала зразумець, што ў сьпісе яе давераных асобаў могуць адбыцца зьмены. Са свайго боку, чальцы грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» заявілі, што выходзяць з кампаніі Ціханоўскай з прычыны нязгоды з абраным плянам кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы перадвыбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Магілёве пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. ВІДЭА

У сьпісе давераных асобаў Сяргея Чэрачня 15 чалавек. Самы вядомы зь іх — першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Ён быў папярэднікам Чэрачня на пасадзе старшыні партыі БСДГ, Чарачань узначаліў яе ў 2018 годзе. Таксама сярод давераных асобаў сацыял-дэмакрата — культуроляг, экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Вадзім Мажэйка і тэлевядучы Дзьмітры Ўрангель, нядаўна звольнены з тэлеканалу ОНТ за крытыку ўладаў.

Сьпіс давераных асобаў Ганны Канапацкай ЦВК пакуль не апублікавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая адмовілася ад тэледэбатаў, бо яе апанэнты «заведама слабейшыя»