Штабы Бабарыкі і Цапкалы будуць аспрэчваць нерэгістрацыю сваіх прэтэндэнтаў кандыдатамі ў судзе

Прадстаўнікі Віктара Бабарыкі Максім Знак (зьлева), Марыя Калесьнікава, Ільля Салей пасьля паседжаньня ЦВК

Юрыст выбарчага штабу былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі Максім Знак заявіў пра намер аспрэчыць рашэньне Цэнтравыбаркаму Беларусі аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Мы хоць бы ў судзе зразумеем, што адбылося, бо тое, што мы пачулі са словаў, выглядае дзіўна», — сказаў Максім Знак.

Кіраўніца штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава заявіла, што беларуская ўлада настолькі слабая і напалоханая, што нават не дапусьціла Бабарыку да рэгістрацыі, нягледзячы на тое, што ён цяпер знаходзіцца за кратамі.

«Улада, нягледзячы на тое, што альтэрнатыўныя кандыдаты цяпер знаходзяцца ў турме і ня могуць весьці выбарчую дзейнасьць, настолькі слабая і настолькі спалохалася, што не дапусьціла Віктара Дзьмітрыевіча да выбарчага працэсу», — заявіла Калесьнікава.

Рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатам на выбарах прэзыдэнта Беларусі экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналогій Валера Цапкалы будзе абскарджанае ў Вярхоўным судзе, заявіў кіраўнік выбарчага штабу Цапкалы Андрэй Ланкін.

«Абскардзім рашэнне ЦВК у Вярхоўным судзе», — заявіў Ланкін журналістам пасля працэдуры рэгістрацыі ў ЦВК. Ён адзначыў, што «гэтае рашэньне ніяк не паўплывае на наша рашэньне наконт удзелу ў выбарчай кампаніі».

«Мы былі гатовыя да гэтага рашэньня ЦВК ужо больш за месяц», — дадаў кіраўнік штабу Цапкалы.

14 ліпеня ЦВК Беларусі адмовіў Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Ён і ягоны сын — палітвязьні