Мятуць, малююць, рамантуюць. Як выглядае Віцебск перад «Славянскім базарам». ФОТА

Перад пачаткам «Славянскага базару» Віцебск старанна прыбіраюць.

Сёлета «Славянскі базар» у Віцебску пройдзе 29-ы раз. Улады вырашылі не адмяняць з прычыны пандэміі каранавірусу штогадовае мерапрыемства. Але з афішы прыбралі сольныя канцэрты, скарацілі праграму і зьмянілі фармат. Свабода паглядзела, што адбываецца ў горадзе за некалькі дзён да пачатку фэсту.

Фэстываль будзе ісьці чатыры дні — з 16 па 19 ліпеня — замест заплянаваных дзевяці. Канцэрты і асноўныя падзеі мяркуюцца на адкрытым паветры — у летнім амфітэатры, на пляцоўцы перад канцэртнай заляй «Віцебск», у гістарычным цэнтры гораду, на плошчы Перамогі і ў парку Мазурына.

Традыцыйна перад музычным сьвятам у Віцебску наводзяць парадак. Прыбіраюць у асноўным цэнтральныя вуліцы. Гараджане жартуюць, што цэнтар цяпер нагадвае адну вялікую будоўлю. Сапраўды, на вуліцах шмат будаўнікоў і спэцыяльнай тэхнікі.

Плошча Свабоды насупраць летняга амфітэатру звычайна выкарыстоўваецца як паркоўка для аўтамабіляў. Падчас «Славянскага базару» — гэта забаўляльная пляцоўка. Ужо некалькі тыдняў тут ідзе рамонт. Кладуць новы асфальт і тратуарную плітку.

Тэрыторыю каля летняга амфітэатру — галоўнай канцэртнай пляцоўкі фэстывалю — старанна прыбіраюць. Высаджваюць кветкі, фарбуюць лаўкі і агароджы.

Вуліцы старанна прыбіраюць.

Працягваецца добраўпарадкаваньне каля помніка Альгерду. На пляцоўцы перад Уваскрасенскай царквой і ніжэй уздоўж Віцьбы з траўня пракладаюць цеплатрасу, пры гэтым раскапалі падмурак будынка канца ХІХ стагодзьдзя.

На пешаходных вуліцах Суворава і Талстога, што сыходзяцца каля Ўваскрасенскай царквы, таксама шмат будаўнічай тэхнікі.

На Пушкінскім мосьце празь Віцьбу лякальна перакладаюць плітку.

Пешаходная зона ў цэнтры Віцебску з кавярнямі і гандлёвымі радамі падчас «Славянскага базару» — адна з самых людных пляцовак. Тут адбываецца фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». У межах «Славянскага базару» сёлета ён пройдзе шосты раз. Галоўныя падзеі фэсту — спэктаклі і пэрформансы — заплянаваныя ў дворыку цэнтру сучаснага мастацтва, які нефармальна называюць «Віцебскі вулей», на пляцоўках перад лялечным тэатрам і на плошчы перад помнікам Пушкіну.

На Замкавай вуліцы, што вядзе ад амфітэатру да Кіраўскага моста, ужо ставяць гандлёвыя намёты.

Аднаўляюць фасад унівэрмагу на Замкавай вуліцы. Гэта цэнтральная віцебская крама.

Працы ідуць і на Кіраўскім мосьце празь Дзьвіну. Усе канцэртныя пляцоўкі на левым беразе. На правым, у Задзьвіньні, звычайна адводзяць месца для «гораду майстроў». На Кіраўскім мосьце заўсёды людна, а падчас «Славянскага базару» яшчэ больш. Кіраўскі мост зь відам на Ўсьпенскі сабор — адно з улюбёных месцаў для фота сярод турыстаў.

Кіраўскі мост пераходзіць у вуліцу Кірава, што вядзе да Чыгуначнага вакзалу. У Кіраўскім сквэры, які разьдзяляе палосы аўтамабільнага руху, звычайна падчас «Славянскага базару» цягнуцца гандлёвыя шэрагі.

Некалькі дзён таму агароджу, якая аддзяляла сквэр ад праезнай часткі, прыбралі. У сквэры фарбуюць лаўкі і чысьцяць помнік Кіраву.

Горад упрыгожваюць жывымі кветкамі.

Прыбіраюць хібы фасадаў на цэнтральных вуліцах.

Аднаўляюць дарожную разьметку. Фарбуюць нават накрыўкі люкаў.

На чыгуначным і аўтавакзале (у Віцебску яны побач) таксама прыбіраюць — гэта першае месца, якое бачаць госьці фэстывалю, прыяжджаючы ў горад грамадзкім транспартам.

Побач з аўтавакзалам завяршаецца важная для віцяблян будоўля. Полацкі пуцеправод будавалі два гады. Цяпер асноўныя работы скончаныя — адкрыць мост для транспартнага руху і пешаходаў плянуюць у сярэдзіне ліпеня. Ня выключана, што адкрыцьцё моста прымяркуюць якраз да «Славянскага базару».

Да афіцыйнага адкрыцьця «Славянскага базару» засталося менш за тыдзень. Горад актыўна рыхтуецца прымаць гасьцей.

Напярэдадні гарадзкія ўлады адмянілі шэраг абмежаваньняў, зьвязаных з COVID-19. У тым ліку — бібліятэкам і музэям дазволілі праводзіць масавыя мерапрыемствы. Гледачам у кінатэатрах, тэатрах, філярмоніі і іншых культурных месцах можна больш не захоўваць дыстанцыю бясьпекі. Кавярні, бары, забаўляльныя ўстановы могуць працаваць пасьля адзінаццатай вечара. Аднак столікі ў месцах грамадзкага харчаваньня павінны быць расстаўленыя на адлегласьці 1,5 мэтра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматгадовых вядоўцаў «Славянскага базару» адхілілі ад працы пасьля асуджэньня затрыманьняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У кожнага ёсьць свой пункт кіпеньня». Дзяніс Дудзінскі расказаў, чаму рызыкнуў кар’ерай у дзяржструктурах і заступіўся за краму Symbal.by
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі пабачылі відэа на ўсіх сайтах, ставіліся да мяне мякчэй», — віцяблянін, якога затрымалі з роварам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Глядзіце, дзе ў Віцебску дазволілі агітаваць за кандыдатаў у прэзыдэнты. ФОТА