Беларускі поп-сьпявак Дзьмітры Калдун паказаў у Instagram 7 ліпеня, што ходзіць у масцы і халаце ля цэнтру траўматалёгіі 6-й менскай лякарні. Прадстаўніца ягонай прэс-службы растлумачыла расейскаму сайту Teleprogramma.pro, што ў сьпевака выявілі COVID-19.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле прадстаўніцы сьпевака, ён спачатку не надаваў сымптомам значэньня, пасьля нейкі час лячыўся дома, але вырашыў урэшце здаць тэст на каранавірус і быў шпіталізаваны. Ягоная жонка хварэе на COVID-19 бессымптомна, яе выслалі дамоў.
У які менавіта час Калдун захварэў і калі быў шпіталізаваны, ён ня ведае, сказаў ён «Камсамольскай праўдзе».
Але самы масавы ягоны выступ за апошні час — на адкрыцьці фантана ў Менску 3 ліпеня, на якім прысутнічалі ў тым ліку Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік расейскага «Сбербанку» Герман Грэф. Калдун перажывае, што мог там кагосьці заразіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт, які называў COVID-19 «нязначнай прастудай», падхапіў каранавірусДзьмітры Калдун — 35-гадовы сьпявак зь Менску, пераможца расейскага тэлепраекту «Фабрика звёзд – 6» (пасьля перамогі кароткі час сьпяваў у гурце «К.Г.Б.»), прадстаўляў Беларусь на «Эўравізіі» ў 2007 годзе і заняў 6-е месца. Выдаў чатыры студыйныя альбомы і 11 самотнікаў, 14 кліпаў. Выступаў у Беларусі, Расеі, Украіне (у тым ліку на тэрыторыі, падкантрольнай групоўцы «ДНР»).