Бізнэсовец Пракоп’еў, які крытыкаваў урад і стварыў Асацыяцыю рэстаратараў, зьедзе зь Беларусі

Вадзім Пракоп’еў (у цэнтры) на «Інтэлектуальным клюбе» Сьвятланы Алексіевіч, 2019 год

Менскі рэстаратар Вадзім Пракоп’еў расказаў у інтэрвію Relax.by, што прадаў долі ў сваіх менскіх рэстарацыях і зьбіраецца зьехаць у Сынгапур, каб адкрыць там бар.

Як расказаў Пракоп’еў, ён зьяжджае, бо «ішоў да гэтага ўсё жыцьцё» — хацеў адкрыць рэстарацыю за мяжой. У сакавіку лятаў у Сынгапур, вывучаў рынак, уразіўся «колькасьцю мільянэраў на квадратны сантымэтар» і канкурэнтным асяродзьдзем. Але перакананы, што мае перавагу: «Атмасфэрных установаў там не хапае».

Асацыяцыя рэстаратараў, якую Пракоп’еў стварыў у красавіку, працягне дзейнасьць. На замену Пракоп’еву «без асаблівых дыскусіяў» выбралі Натальлю Садоўскую, якая працуе ў рэстаранным бізнэсе каля 20 гадоў, цяпер кіруе «рэстарацыяй-бутыком» Fabriq, Grand Сafe і News Сafe.

«Улічваючы настроі ў грамадзтве, думаю, нас нейкі час падазравалі ледзь не ў палітычным парадку, — тлумачыць Пракоп’еў. — Як бізнэс-саюзу гэта зусім нам ня трэба. Разьлічваю, што з Натальляй гэты флёр канчаткова зьнікне».

Ён настойвае на тым, што ў Беларусі трэба мяняць грамадзкую думку аб рэстарацыях, бо «культура збору штрафаў з прадпрыемстваў на мяжы выжываньня» адбываецца ў тым ліку таму, што тыя, хто выпісвае штрафы, «не сядзяць у кавярнях» і не адчуваюць эмацыйнай сувязі зь бізнэсам. Пракоп’еў лічыць, гэта будзе мяняцца — маўляў, нядаўна бачыў за столікам у кавярні міністра ўнутраных справаў.

Пракоп’еў займаўся ў Менску такімі ўстановамі, як Bistro de Luxe, Tapas Bar, Mai Thai, Pelican, сэрвсіам Prokopiev Catering, быў датычны да працы Grand Cafe і News Сafe. Кансультаваў праекты ў Расеі і Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятар кампаніі дапамогі лекарам #BYCOVID19 зьехаў зь Беларусі. Часова
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адміністратар тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь» пакінуў краіну