Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністратар тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь» пакінуў краіну


Блогеры ў зьняволеньні : (зьлева направа) Ігар Лосік, Аляксандар Кабанаў, Уладзімер Цыгановіч, Аляксандар Андрэеў, Сяргей Пятрухін, Уладзімер Няронскі

Сяргей Бяспалаў, адміністратар тэлеграм-каналаў «Мая краіна Беларусь» і «Вусы Лукашэнкі» і youtube-каналу «Вусы Лукашэнкі» зьехаў зь Беларусі. Сёньня ў стрыме на сваім youtube-канале ён патлумачыў прычыны свайго ад’езду.

Паводле слоў Сяргея Бяспалава, 26 чэрвеня да яго прыйшлі невядомыя — адзін у масцы, іншы ў акулярах. Гаспадыні дому, які Сяргей арандаваў, паведамілі, што на арандатара заведзеная крымінальная справа. Бяспалаў здолеў пазьбегнуць сустрэчы з наведнікамі, якія абяцалі гаспадыні дому вярнуцца ўвечары.

Бяспалаў пакінуў дом і празь дзень зьехаў у Маскву, а адтуль паляцеў у Эўропу.

Пасьля яго адʼезду ў кватэры правялі ператрус, пра што паведаміла гаспадыня жыльля, якое арандаваў Бяспалаў.

Ён таксама паведаміў, што не зьбіраецца прасіць палітычнага прытулку і плянуе вярнуцца ў Беларусь да 9 жніўня. На дадзены момант ён застаецца адміністратарам Тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь», аўдыторыя якога налічвае больш за 67 000 падпісчыкаў.

Бяспалаў адзначае, што гэта ня першы выпадак перасьледу ў дачыненьні да яго:

«У мяне ёсьць традыцыя, раз у тры гады ў Беларусі да мяне пачынае ламіцца КДБ. Так было ў 2011, у 2014, у 2017 і вось зараз ужо ў 2020. І, як звычайна, я пасьпяхова ўцякаю ад вас, прама з-пад носу, не пакінуўшы і шанцу злавіць мяне», — напісаў ён.

Бяспалаў падазрае, што інцыдэнт 26 чэрвеня мог быць зьвязаны са справай адміністратара каналу «Беларусь галаўнога мозгу» Ігара Лосіка, затрыманага ў Баранавічах 25 чэрвеня. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ў Менску. У дачыненьні да Лосіка распачатая крымінальная справа паводле артыкулу 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Таксама былі затрыманыя блогеры Сяргей Пятрухін, Аляксандар Кабанаў, Аляксандар Андрэў, Уладзімер Няронскі, Уладзімер Цыгановіч. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала іх вязьнямі сумленьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG