У Турэччыне пачаўся суд у справе аб забойстве журналіста Хашокджы

Джамаль Хашокджы

Суд у Турэччыне пачаў разглядаць справу аб забойстве ў Стамбуле ў кастрычніку 2018 года саудаўскага журналіста Джамаль Хашокджы.

Абвінавачваньні выстаўленыя супраць 20 грамадзян Саудаўскай Арабіі. Іх судзяць завочна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыны саудаўскага журналіста Джамаля Хашокджы даравалі ягоным забойцам

Журналіст, вядомы рэзкай крытыкай на адрас уладаў Саудаўскага каралеўства, перш за ўсё, насьледнага прынца Мухамэда бін-Салмана, быў забіты ў консульстве сваёй краіны. Эр-Рыяд сьцьвярджае, што яго гібель стала вынікам грубай спэцапэрацыі, і што кіраўніцтва краіны гэтага не санкцыянавала.

Сярод тых, каго судзяць у Турэччыне, былы намесьнік кіраўніка саудаўскай выведкі Ахмэд аль-Асіра і экс-дарадца каралеўскай сям’і Сауд аль-Кахтані. Іх абвінавачваюць у падбухторваньні да наўмыснага забойства. Паводле зьвестак сьледзтва, цела журналіста разьдзялілі і вынесьлі з будынка дыпмісіі. Астанкі да гэтага часу ня знойдзеныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За забойства саудаўскага журналіста вынесьлі сьмяротныя прысуды

У сьнежні мінулага года суд у Саудаўскай Арабіі вынес сьмяротны прысуд пецярым абвінавачаным у справе аб гібелі Хашокджы, яшчэ трое абвінавачаных атрымалі турэмныя тэрміны. Слуханьні праходзілі пры зачыненых дзьвярах.

У красавіку мінулага года Дзярждэпартамэнт ЗША ўнёс у сьпіс грамадзян, якім забаронены ўезд у краіну, 16 чалавек, у тым ліку аль-Кахтані. Прадстаўнікі амэрыканскай выведкі выказвалі меркаваньне, што за забойствам Джамаля Хашокджы, які апошнім часам жыў у ЗША і супрацоўнічаў з газэтай The Washington Post, можа стаяць асабіста прынц Салман.