Першы дзень ЦТ у Беларусі: беларускую мову будуць здаваць амаль утрая меней абітурыентаў, чым расейскую

Архіўнае фота. Падчас уступнай кампаніі ў БДПУ, 2016 год

25 чэрвеня ў Беларусі пачалося цэнтралізаванае тэставаньне абітурыентаў для паступленьня ў ВНУ.

Беларуская мова — першае выпрабаваньне ў сьпісе прадметаў ЦТ, на яго зарэгістраваліся 18 606 абітурыентаў. Тэставаньне пройдзе ў 41 установе адукацыі, пачнецца аб 11-й гадзіне.

Усяго на цэнтралізаванае тэставаньне сёлета запісаліся 64 314 чалавекі. У 2019 годзе было 77 145 абітурыентаў.

Традыцыйна больш за ўсё хлопцаў і дзяўчат будуць здаваць расейскую мову — 52 660 чалавек (у 2,8 раза больш, чым беларускую), матэматыку (34 805 чалавек) і замежныя мовы (23 549 чалавек).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскі і дыстанцыя. Як выпускнікі здавалі першы іспыт

У сувязі з каранавірусам на ЦТ у расейскай мове і матэматыцы абітурыентам сёлета адвялі два дні замест аднаго.

Графік ЦТ:

  • 25 чэрвеня — беларуская мова;
  • 26 і 27 чэрвеня — расейская мова,
  • 29 чэрвеня — грамадазнаўства,
  • 1 і 2 ліпеня — матэматыка,
  • 4 ліпеня — біялёгія,
  • 6 ліпеня — замежныя мовы,
  • 8 ліпеня — хімія,
  • 10 ліпеня — фізыка,
  • 12 ліпеня — гісторыя Беларусі,
  • 14 ліпеня — геаграфія,
  • 16 ліпеня — сусьветная гісторыя (найноўшы час).

Міністэрства адукацыі сёлета ў сувязі з каранавірусам прыняло рашэньне крыху зьмяніць тэрміны цэнтралізаванага тэставаньня. Новыя даты некаторых прадметаў пасунулі наперад на тыдзень ці нават на два. Першае ЦТ, якое мусіла прайсьці 13 чэрвеня, перанесьлі на 25 чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства адукацыі Беларусі зьмяніла тэрміны цэнтралізаванага тэставаньня. Новы расклад
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Два тыдні — гэта мала». Што думаюць пра перанос уступнай кампаніі настаўнікі і рэпэтытары