У Гомлі затрымалі журналістку Ларысу Шчыракову, якая ехала на пікет Ціханоўскай

Ларыса Шчыракова, архіўнае фота

У Гомлі міліцыя затрымала журналістку Ларысу Шчыракову. Яна ехала на таксоўцы ў цэнтар гораду, дзе сёньня а 16-й гадзіне меўся пачацца пікет па зборы подпісаў за патэнцыйную кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую.

«З ранку пад маім домам дзяжурылі міліцыянты ў цывільным на шэрай „Ладзе“. Потым, калі я ехала на таксоўцы, яе спынілі супрацоўнікі ДАІ, нібыта для праверкі дакумэнтаў у кіроўцы. Потым падышлі міліцыянты і запатрабавалі, каб я паехала зь імі ў РАУС для складаньня нейкага пратаколу. Мусіць, па артыкуле 22.9 КаАП», — сказала Свабодзе журналістка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістаў тэлеканалу «Белсат» аштрафавалі за стрым на пікетах у Горадні і Гомлі амаль на 3 тысячы рублёў

Шчыракова мяркуе, што ў міліцыі яе пратрымаюць да вечара — каб яна не змагла асьвятляць пікет па зборы подпісаў.

З красавіка да чэрвеня журналістку-фрылансэрку Ларысу Шчыракову ўжо тройчы судзілі па артыкуле 22.9 КаАП — незаконны выраб прадукцыі СМІ, за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». Агульная сума штрафаў склала больш за 2 тысячы рублёў. Нядаўна на Шчыракову склалі тры новыя пратаколы па артыкуле 22.9 КаАП.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістаў «Белсату» затрымалі ў Салігорску пасьля рэпартажу з сустрэчы Бабарыкі