Экс-прэзыдэнта Армэніі Качар'яна вызвалілі пад заклад 4 мільёны даляраў

Робэрт Качаран

Былы прэзыдэнт Армэніі Роберт Качаран, якога абвінавачваюць у зрынаньні канстытуцыйнага ладу і хабарніцтве, адпушчаны з-пад варты пад заклад у 4 мільёны даляраў.

Скаргу адвакатаў на рашэньне аб адмове зьмяніць Качар'яну меру стрыманьня ў чацьвер задаволіў Апэляцыйны крымінальны суд краіны. Генэральная пракуратура Армэніі ўжо заявіла, што абскардзіць вэрдыкт аб закладзе.

Цяпер экс-прэзыдэнт у мэдычным цэнтры ў Ерэване, праходзіць пасьляапэрацыйнае лячэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі былы прэзыдэнт за кратамі. Пра што трэба ведаць дзейным кіраўнікам

Пасаду прэзыдэнта Армэніі Роберт Качар'ян займаў з 1998 па 2008 год. Каля двух гадоў таму яго арыштавалі па справе аб падзеях сакавіка 2008 году. Тады палітык рыхтаваўся перадаць паўнамоцтвы Сэржу Саргсьяну, які перамог на прэзыдэнцкіх выбарах. Нязгодныя з вынікамі галасаваньня прыхільнікі кандыдата Лявона Тэр-Пэтрасьяна арганізавалі ў Ерэване акцыі пратэсту. Пры разгоне ўладамі ўдзельнікаў шматтысячнага выступу загінулі 10 чалавек, яшчэ звыш 250 атрымалі раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымінальныя справы супраць постсавецкіх экс-прэзыдэнтаў. За што і чым скончыліся

Цяперашні прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян падчас тых падзей быў чальцом перадвыбарчага штабу Тэр-Пэтрасяна. У студзені 2010 году Пашыньяна асудзілі на сем гадоў па абвінавачаньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У 2011 годзе ён выйшаў на волю па амністыі.

Пасьля арышту ў ліпені 2018 году Робэрта Качар'яна двойчы вызвалялі і зноў бралі пад варту. У адным з камэнтароў палітык назваў сябе ахвярай новых уладаў, якім «прыслугоўвае сыстэма правасудзьдзя».