Француская кампанія Danone спыняе рэклямную кампанію з удзелам расейскага актора Міхаіла Парэчанкава, паведаміў у твітары амбасадар Украіны ў Францыі Алег Шамшур.
«У мяне для вас добрыя навіны. Толькі што мне патэлефанаваў генэральны сакратар Danone (Францыя) Маціяс Вішэра. Кампанія спыняе рэклямную кампанію з удзелам Парэчанкава. Хуткая і адэкватная рэакцыя. А вось зараз, калі апэтыт ужо не псуюць, смачна есьці!», — напісаў Шамшур.
Маю для вас добрі новини. Щойно мені зателефонував Генеральний секретар @Danone Франція Матіас Вішера. Компанія припиняє рекламну кампанію за участі Пореченкова. Швидка і адекватна реакція. А от тепер, коли апетит вже не псують, смачного 🙂
— Shamshur Oleh (@Shamshur_O) June 10, 2020
Раней амбасада Ўкраіны ў Францыі асудзіла дзеяньні прадстаўніцтва францускай кампаніі Danone Russia за рэклямны ролік з расейскім акторам Міхаілам Парэчанкавым, які знаходзіцца ў вышуку ва Ўкраіне.
Абнародаваньне рэклямнага роліка з Парэчанкавым выклікала крытыку на адрас Danone, хоць у роліках кампаніі актор быў заўважаны яшчэ ў 2016 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вадзім Дзевятоўскі: Мы не запрашалі расейскага актора, які страляў на пазыцыях ДНРВа ўкраінскім прадстаўніцтве кампаніі заявілі, што ім крыўдна з прычыны сытуацыі, якая склалася, але яны ня могуць «ўплываць на фармаваньне рэклямнай, камэрцыйнай і камунікацыйнай палітыкі іншых краінаў, у тым ліку і Расеі».
Служба бясьпекі Украіны ў 2015 годзе абвясьціла Парэчанкава ў вышук. Расейскі актор падазраецца ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага Крымінальным кодэксам Украіны (тэрарыстычны акт або пагроза яго зьдзяйсьненьня).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калярадзкія жукі для Міхаіла ПарэчанкаваУ 2015 СМІ ў Беларусі паведамлялі аб канфлікце паміж кінастудыяй «Беларусьфільм» і Міхаілам Парэчанкавым, які нібыта прыехаў у Менск здымацца ў ролі супрацоўніка НКУС у гістарычным фільме. Паведамлялася, што касьцюмеры, грымёры ды іншыя працаўнікі адмовіліся працаваць з акторам, бо той нібыта мог дрэнна паўплываць на рэпутацыю кампаніі. Аднак пазьней «Беларусьфільм» абверг чуткі пра канфлікт паміж кінастудыяй і расейскім акторам.
30 кастрычніка 2014 Міхаіл Парэчанкаў пабываў у падкантрольным прарасейскім сілам Данецку. На сайтах сэпаратыстаў было распаўсюджана відэа, на якім грамадзянін Расеі Парэчанкаў, апрануты ў каску з надпісам «Прэса», страляе з кулямёта. З роліка ня бачна, куды ён цэліў, сам ён у сацсетках пераконваў, што «не страляў у людзей». Ва Ўкраіне ад 2015 году забаронены паказ 69 фільмаў з удзелам Парэчанкава.