Наколькі ўдзел у вулічных пратэстах і масавых акцыях у цяперашні час пабольшвае рызыку заражэньня каранавірусам?
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
На гэтае пытаньне, зададзенае брытанскім выданьнем The Guardian у сувязі з масавымі пратэстамі ў ЗША пасьля сьмерці афраамэрыканца Джорджа Флойда падчас затрыманьня паліцыяй, адказваюць тры амэрыканскія мэдычныя экспэрты: Джорджэс Бэнджамін (дырэктар Амэрыканскай асацыяцыі аховы здароўя), Лорэн Паўэл (кіраўніца арганізацыі Time’s Up Healthcare), Кімбэрлі Сью (мэдычны дырэктар арганізацыі Harm Reduction Coalition).
Усе тры экспэрты пагаджаюцца, што ўдзел у вулічных пратэстах і магчымыя сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй павышаюць рызыку распаўсюду інфэкцыі COVID-19. Тым ня менш, яны не заклікаюць людзей не выходзіць на пратэсты ў час пандэміі, знаходзячы для іх апраўданьне, і адначасова даюць парады, як мінімізаваць рызыку заражэньня.
Джорджэс Бэнджамін:
- «Я афраамэрыканец, і таму для мяне рызыка быць расстраляным супрацоўнікам паліцыі можа быць у некаторых кварталах значна вышэйшая, чым рызыка падхапіць COVID-19 і памерці».
- Выходзьце на пратэсты ў меншым натоўпе.
- Надзеньце маску.
- Бярыце з сабою дэзынфэкцыйны сродак.
- Пазьбягайце пацісканьня рук.
- Абмяжуйце час удзелу ў пратэсьце.
Лорэн Паўэл:
- «Я пратэставала па-іншаму. Я стаяла салідарна ўбаку і скандавала разам з мітынгоўцамі, калі яны праходзілі міма. Я была ў падвойнай масцы і ў мяне былі пальчаткі — менавіта так я адчувала сябе найбольш камфортна».
- Не здымайце маскі падчас пратэсту, асабліва калі паліцыя ўжывае сьлезацечны газ, які выклікае кашаль.
Кімбэрлі Сью.:
- «Я б не рэкамэндавала людзям быць на пратэстах кожны дзень. З гледзішча небясьпекі перадачы хваробы я б рэкамэндавала хадзіць раз на тыдзень і рабіць нейкую іншую форму пратэсту ў Інтэрнэце».
На гэтым тыдні на пытаньні Свабоды пра небясьпеку заразіцца каранавірусам у чэргах на перадвыбарчых пікетах у Менску і іншых гарадах адказала Іна Германенка, былая загадчыца катэдры дзіцячых інфэкцыйных хваробаў Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Сьцісла:
- На сьвежым паветры рызыка заражэньня значна меншая, чым пры паездцы ў грамадзкім транспарце ці пры непасрэдным кантакце бяз сродкаў засьцярогі.
- Аднак рызыка існуе: людзі павінны трымаць дыстанцыю і надзяваць маскі, калі яны размаўляюць паміж сабой.
- Калі зьбіральнік подпісаў у пальчатках і масцы, то небясьпека вельмі малая.
- Аднак трэба заўсёды апрацоўваць рукі дэзынфэкцыйнымі сродкамі або мыць іх з мылам, а да таго — не дакранацца да твару, ня церці вачэй і г. д.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці высокая імавернасьць заразіцца COVID-19 у чарзе на перадвыбарчым пікеце? Адказвае інфэкцыяніст