Зноў адкрылі пляц перад саборам Парыскай Божай Маці

16 красавіка 2019, Парыж, пажар сабора Нотр-дам-дэ-Пары

Парыскія ўлады часткова адкрылі пляц перад саборам Парыскай Божай Маці. Ён была закрыты для публікі з прычыны пагрозы атручэньня сьвінцом, які расплавіўся падчас пажару ў Нотр-Даме.

Упершыню пра пагрозу заражэньня парыскіх вуліц сьвінцом пасля буйнога пажару ў саборы Нотр-Дам загаварылі ў ліпені 2019 году. Каля 300 тон сьвінцу, які зьмяшчаўся ў аздабленьні даху і шпіля, расплавіліся пры пажары. З гэтай прычыны былі спыненыя на месяц усе рэстаўрацыйныя працы і перакрытыя вуліцы вакол сабора.

Падвышаная канцэнтрацыя сьвінцу была зарэгістраваная ў будынках паблізу сабора, у прыватнасьці, у школах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Парыскі Нотр-Дам плянуюць аднавіць да Алімпіяды-2024. Але сьпяшацца ня будуць

Перад адкрыцьцём пляцу парыская мэрыя склала падрабязную справаздачу перад гараджанамі пра вынікі ачышчальных работ на прылеглай тэрыторыі, паведамляе Radio France Internationale. Брук быў апрацаваны мыйным сродкам, 40-сантымэтровы пласт глебы вакол пляцу быў заменены.

Нягледзячы на ўсю праведзеную працу падысьці ўсутыч да сабора па-ранейшаму нельга. Трэць тэрыторыі пляцу застаецца за агароджай — у сувязі з рэстаўрацыйнымі працамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пацярпела ўся наша цывілізацыя». Беларусы пра пажар у саборы Парыскай Божай Маці

Рэканструкцыя Нотр-Даму мае завяршыцца да 2024 году, калі ў Парыжы пройдуць Алімпійскія гульні. Афіцыйна аб пераносе тэрмінаў аднаўлення сабора не паведамлялі, хоць рэстаўрацыя перапынялася некалькі разоў праз пагрозу заражэньня сьвінцом і пандэмію каранавірусу.