Свабода, лёгкасьць і пісталет: памяці мастачкі Людмілы Русавай

Людміла Русава, фрагмэнт твору «Рэквіем», 1987 год

Дзесяць гадоў таму заўчасна дагарэла жыцьцё лідэркі беларускага мастацкага авангарду Людмілы Русавай.

Цяжка не пагадзіцца з Адамам Глобусам: Людміла сапраўды была найбольш падобная да артысткі эпохі вялікага нямога кіно.

Ад самага пачатку прыходу ў мастацтва на мяжы 70-х – 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя яна (як потым напішуць, лідэрка беларускага авангарду і «хросная маці айчыннага акцыянізму») нязьменна зьдзіўляла.

Зьдзіўляла жанравай і тэматычнай шырынёю свайго канцэптуальнага творчага абсягу: жывапіс, графіка, тэкстыль, інсталяцыі, відэапраекты, фотакаляжы… І – вершы (пад псэўданімам Вераніка Архангельская), а таксама тэарэтычнае асэнсаваньне мастацкіх пошукаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Месца, дзе можна было падхапіць вірус беларускасьці». Размова з аўтарам фільму пра «Басовішча»

Русава стала ў Беларусі аўтаркаю першай арт-кнігі і ці ня першага пэрформансу.

Разам з мастаком Ігарам Кашкурэвічам яна зладзіла незабыўны выступ, прысьвечаны Казімеру Малевічу: аўтар «Чорнага квадрату» быў пахаваны ў супрэматычнай труне і ўрачыста ўнесены ў Палац мастацтва. Але Малевіч – разам з сэрбкай Марынай Абрамавіч, расейцам Андрэем Таркоўскім, французам Івам Кляйнам – і надалей патрэбны быў Русавай як віртуальны апанэнт, а таму адбыліся менскае «Ажыўленьне Казімера» і ягонае маскоўскае «Супрэматычнае ўваскрашэньне».

З аднолькавым посьпехам Людміла рэпрэзэнтавала сваю творчасьць і нацыянальнае мастацтва ў Менску і Полацку, Віцебску і Маскве, Таліне і Стакгольме. Яе працы набывалі Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі і мэрыя Бону, Музэй Зымэрлі ў амэрыканскім штаце Нью-Джэрзі і прыватныя калекцыянэры з усёй Эўропы.

Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што Русава канцэнтравана стварала на скрыжаваньні трансцэндэнтальных абсалютаў і постмадэрнісцкай гульні, на сутыкненьні веры ў «аўру» тэарэтыка культуры Вальтэра Бэньяміна і разуменьні немагчымасьці яе ўвасабленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратары на карантыне: Наста Кудасава і «птушка, якая ляціць, куды захоча»

Аднойчы Людміла абвясьціла сябрам: ёй надакучыла служыць д’яблу і яна будзе служыць Богу, зрабіўшы асноўным колерам палітры блакітны.
Потым надышоў момант, калі яе палотны пацямнелі. Гэта не азначала, што яна адвярнулася ад Бога. У Русавай дыягнаставалі невылечную хваробу – ваўчанку.

«Жыць засталося мала, – казала яна, – але я цяпер цалкам свабодная. Я адчуваю лёгкасьць, бо нікому нічога не вінаватая. Хвароба сьпісала ўсе мае пазыкі. У мяне засталіся лёгкасьць, свабода і блакітны колер».

Людміла захаплялася Ігнатам Грынявіцкім, наогул рэвалюцыянэрамі-нарадавольцамі і мела пісталет, што нарадзіла думку пра яе магчымае самагубства. Аднак яна, неверагодна пакутуючы, ня стрэліла і сышла, глянуўшы ў вочы сьмерці з стаічнай мужнасьцю.

Працуючы над працягам кнігі «Імёны свабоды», я не сумняваўся: Людміла Русава – мая гераіня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экспансія іншых — тэма цяпер знаёмая ўсім». Юры Станкевіч і Франц Сіўко пра сумесную кнігу

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.