Чэмпіянат Англіі адновіцца 17 чэрвеня без заўзятараў на трыбунах. У Беларусі футбол і не спыняўся

"Лівэрпуль" адзначае перамогу ў Супэркубку УЭФА, 2019 год.

Ангельская футбольная прэм’ер-ліга адновіць сэзон 17 чэрвеня матчамі «Астан Віла» — «Шэфілд Юнайтэд» і «Манчэстар Сіці» — «Арсэнал», паведамляе BBC.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Гэта перанесеныя гульні мінулых тураў. Першы паўнавартасны тур пройдзе ў наступны ўікэнд пасьля аднаўленьня — 19-21 чэрвеня. Матчы адбудуцца без гледачоў. На патрабаваньне паліцыі некалькі сустрэч могуць адбыцца на нэўтральных палях, бо ёсьць рызыка збору заўзятараў каля стадыёнаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-трэнэр зборнай Беларусі пра футбол падчас каранавірусу: «Рызыкоўнае відовішча»

Чэмпіянат Англіі быў спынены праз каранавірусную пандэмію. Апошнія матчы былі згуляныя 7 сакавіка.

У прэм’ер-лізе засталося дагуляць 9 тураў. Інтрыгі за чэмпіёнства няма: «Лівэрпуль» апярэджвае найбліжэйшага суперніка, «Манчэстэр Сіці», на 25 ачкоў і можа ў першым жа матчы пасля аднаўленьня забясьпечыць сабе чэмпіёнскі тытул — упершыню за 30 гадоў.

16 траўня аднавіліся матчы ў нямецкай Бундэслізе. Украінская прэм’ер-ліга адновіцца 30 траўня. Чэмпіянат Гішпаніі вернецца 11 чэрвеня, італьянская ліга — 20 чэрвеня. Чэмпіянаты Францыі, Бэльгіі і Нідэрляндаў вырашылі не дагульваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім футбольным клюбам разаслалі «каранавірусныя» рэкамэндацыі. У тым ліку — не кантактаваць з прэсай

У Эўропе не спыняўся толькі чэмпіянат Беларусі, у гэтыя выходныя стартуе 11-ы тур.

Калі адновяцца матчы Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы, пакуль невядома, але УЭФА мае намер таксама дагуляць сезон. Вядома толькі, што чэмпіянат Эўропы-2020 перанесены на наступны год.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ