У ЗША аднавілі вытворчасьць праблемных Boeing 737 MAX

Boeing 737 Max 8.

Амэрыканская авіябудаўнічая карпарацыя Boeing аднавіла вытворчасьць лайнэраў Boeing 737 MAX, прыпыненую сёлета ў студзені. Пра гэта гаворыцца ў заяве кампаніі.

Адзначаецца, што выпуск самалётаў адноўлены на прадпрыемстве ў горадзе Рэнтан (штат Вашынгтон). Пакуль што аб’ёмы вытворчасьці нізкія, бо прынятыя дадатковыя захады бясьпекі ў сувязі з каранавірусам на працоўных месцах і для падвышэньня якасьці прадукцыі. Цягам 2020 году самалётаў такога тыпу будзе выпускацца больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэты самалёт сканструяваны клоўнамі». Boeing апублікавала перапіску супрацоўнікаў аб самалёце 737 MAX

Летась кампанія заявіла аб скарачэньні аб’ёмаў вытворчасьці Boeing 737 MAX. Ад студзеня канвэеры былі спыненыя.

Прычынай сталі дзьве катастрофы. 10 сакавіка 2019 году ў Эфіёпіі разьбіўся Boeing 737 MAX 8 авіякампаніі Ethiopian Airlines, загінулі 157 чалавек. 29 кастрычніка 2018-га ахвярамі катастрофы самалёту аналягічнай мадэлі кампаніі Lion Air у Інданэзіі сталі 189 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вар’яцкі «Макс». Чым небясьпечная новая мадэль «Боінга», — тлумачыць беларускі авіяінструктар

Кіраўніцтва Boeing прызнала, што ў абодвух выпадках меў месца збой у рабоце сыстэмы паляпшэньня манэўранасьці. Многія краіны, уключна зь Беларусьсю, зь меркаваньняў бясьпекі прыпынілі эксплюатацыю наяўных самалётаў, а таксама скасавалі кантракты на куплю новых.