Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты самалёт сканструяваны клоўнамі». Boeing апублікавала перапіску супрацоўнікаў аб самалёце 737 MAX


Кампанія Boeing апублікавала ўнутраную перапіску сваіх супрацоўнікаў аб стварэньні самалёта 737 MAX. Ён «распрацаваны клоўнамі» пад наглядам «малпаў», гаворыцца ў адным з больш чым сотні паведамленьняў, перададзеных прэсе, Фэдэральнаму авіяцыйнаму ўпраўленьню ЗША (FAA), а таксама камітэтам Палаты прадстаўнікоў і Сэнату.

Як адзначае Reuters, некалькі фрагмэнтаў перапіскі прысьвечаныя дарагой працэдуры навучаньня пілётаў на трэнажорах 737 MAX. Яны дазваляюць зрабіць высновы, што Boeing спрабавала яе пазьбегнуць.

Reuters нагадвае, што тыдзень таму кампанія зьмяніла сваю пазыцыю і цяпер рэкамэндуе пілётам, якія лётаюць на іншых мадэлях 737-га, не абмяжоўвацца кампутарнай сымуляцыяй пры пераходзе на МАХ, а прайсьці навучаньне на трэнажоры.

Таксама СМІ прыводзяць дыялёг двух супрацоўнікаў Boeing, адзін зь якіх пытае іншага, пасадзіў бы той сваю сям’ю на самалёт, ведаючы, што пілётаў навучалі на сымулятары 737 MAX. «Не», — адказвае той. Перапіска адбылася за восем месяцаў да першай катастрофы з удзелам самалёта.

Апублікаваныя паведамленьні сьведчаць аб агрэсіўнай палітыцы зьніжэньня выдаткаў і спробах пазьбегнуць нагляду кантрольных структур. Яны таксама дэманструюць непавагу да Фэдэральнага авіяцыйнага ўпраўленьня, піша Reuters.

Прадстаўнікі Boeing называюць выказаныя ў перапісцы меркаваньні непрымальнымі і падкрэсьліваюць, што яна не адлюстроўвае тое, чым зьяўляецца і імкнецца быць кампанія. Вытворца самалётаў заявіў, што вітае рэкамэндацыі FAA і ўдзел профільных камітэтаў у вырашэньні праблем з мадэльлю 747 MAX, паведамляе CNN.

  • У сярэдзіне сьнежня летась Boeing заявіла аб прыпыненьні са студзеня выпуску самалётаў 737 MAX. У прэс-рэлізе гэта тлумачыцца прадаўжэньнем сэртыфікацыі мадэлі і нявызначанасьцю адносна тэрмінаў і ўмоў.
  • Мараторый на палёты самалётаў гэтай мадэлі быў уведзены практычна ва ўсіх краінах сьвету, уключаючы ЗША, у сакавіку, пасьля катастрофы ў Этыёпіі, ахвярамі якой сталі 157 чалавек. Паводле папярэдніх дадзеных расьсьледаваньня, прычынай крушэньня «Боінг-737 MAX» ў Этыёпіі і самалёта той жа мадэлі ў Інданэзіі ў кастрычніку 2018 году сталі памылкі ў праграмным забесьпячэньні. Абодва разы, як сьцьвярджаецца, зламаўся датчык і сыстэма памылкова пачала сваю працу, накіраваўшы самалёт да зямлі. Гэта з агаворкамі прызнаў і прэзыдэнт карпарацыі Boeing Дэніс Мюілэнбург.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG