Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп скрытыкаваў сэрвісы сацыяльных сетак, пасьля таго як сетка Twitter стала папярэджваць падпісчыкаў пра магчымыя недакладнасьці ў ягоных твітах.
«Рэспубліканцы лічаць, што плятформы сацыяльных сетак спрабуюць заглушыць выказваньні кансэрватараў. Мы будзем строга рэгуляваць іх працу або закрыем іх, перш чым дазволім гэтаму адбыцца», — напісаў Трамп у Твітэры.
Republicans feel that Social Media Platforms totally silence conservatives voices. We will strongly regulate, or close them down, before we can ever allow this to happen. We saw what they attempted to do, and failed, in 2016. We can’t let a more sophisticated version of that....
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) May 27, 2020
У аўторак два паведамленьні Трампа ў Твітэры з крытыкай працэсу галасаваньня праз пошту, у якіх прэзыдэнт заяўляе, што такая форма галасаваньня будзе выкарыстаная для фальсыфікацыі вынікаў выбараў, суправаджаліся адмысловай спасылкай: «Атрымайце факты аб галасаваньні праз пошту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Twitter папярэдзіў пра недакладнасьці ў паведамленьнях ТрампаАдкрыўшы гэтую спасылку, падпісчыкі атрымлівалі інфармацыю ад прыцягнутых сацыяльнай сеткай экспэртаў, якія лічаць, што такая форма галасаваньня вельмі рэдка зьвязаная з фальсыфікацыямі.
Гэты крок Twitter’а стаў адказам на шматлікія заклікі крытыкаў Дональда Трампа, якія абвінавачваюць прэзыдэнта ў распаўсюджваньні ілжывай інфармацыі і грубых атаках на апанэнтаў з дапамогай сацыяльных сетак. Трамп у адказ заявіў, што сацыяльная сетка душыць свабоду слова і спрабуе ўмяшацца ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША, заплянаваныя на восень 2020 году.