«ЦВК паклапацілася пра бясьпеку толькі чыноўнікаў»,— назіральнікі ад апазыцыі пра выбары падчас пандэміі

Прыхільнікі блогера Сяргея Ціханоўскага

Кампанія назіраньня «Права выбару 2020» абнародавала прамежкавую справаздачу пра пачатак сёлетняй прэзыдэнцкай гонкі.

У ёй зьвяртаецца ўвага на асноўныя складанасьці на першых этапах — ад перасьледу патэнцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты, рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісій ды ўмоваў правядзеньня кампаніі падчас пандэміі каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы пачалі набор назіральнікаў за галасаваньнем на прэзыдэнцкіх выбарах 

«Дастаткова эфэктыўна ЦВК паклапацілася пра бясьпеку толькі чыноўнікаў, дазволіўшы ім мінімізаваць кантакты з грамадзянамі, паказаўшы на магчымасьць правядзеньня сумесных пасяджэньняў саветаў дэпутатаў і выканкамаў без назіральнікаў, што парушае Выбарчы кодэкс. Для ўсіх астатніх удзельнікаў выбарчага працэсу нічога не гаворыцца», — адзначаецца ў дакумэнце.

Акрамя таго, старт выбарчай кампаніі суправаджаўся рэпрэсіямі і наступам на свабоду слова, канстатуецца ў справаздачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дыскрымінацыйны падыход застаўся»,— назіральнікі пра першы этап фармаваньня выбарчых камісій

«Выбарчай кампаніі папярэднічалі рэпрэсіі ў дачыненні да YouTube-блогераў і іх падпісчыкаў, журналістаў, праваабаронцаў. Былі затрыманыя берасьцейскія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, слуцкі блогер Уладзімер Няронскі, аўтар каналу MozgON Уладзімер Цыгановіч, а на гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага міліцыя „палявала“ два дні яшчэ за леташнія акцыі. Ягонае затрыманьне ў Магілёве 6 траўня выклікала хвалю пратэстаў па ўсёй Беларусі».

Больш падрабязна з высновамі, прысьвечанымі пачатку выбарнай кампаніі, можна пазнаёміцца ТУТ.

Хто фармуе кампанію «Права выбару 2020»

У кампаніі бяруць удзел АГП, БХД, БНФ, БСДП (Грамада), партыя «Зялёныя», рух «За свабоду», незалежны прафсаюз РЭП і арганізацыйны камітэт Партыі свабоды і прагрэсу.​ Каардынатарамі кампаніі на 2020 год сталі Леў Марголін (Аб’яднаная грамадзянская партыя) і Віталь Рымашэўскі (Беларуская хрысьціянская дэмакратыя).

Дэвіз кампаніі: «Барацьба за сумленныя, адкрытыя і бясьпечныя выбары».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыя расказала, як будзе назіраць за выбарамі падчас пандэміі і сачыць за парушэньнямі рэкамэндацыяў WHO