Шэнген падчас пандэміі: куды ўжо можна зьвяртацца беларусам

Наведнікі візавага цэнтру Польшчы ў Менску, архіўнае фота.

21 траўня візавы цэнтар Італіі ў Менску адновіць прыём заявак на ўсе тыпы кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў — турызм, дзелавая ды іншыя. Філіяў у Берасьці і Гомлі гэта пакуль ня тычыцца. А як зь іншымі краінамі шэнгенскай зоны?

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Межы ўсіх краін, якія атачаюць Беларусь, пакуль закрытыя ў сувязі з пандэміяй каранавірусу, але асобныя катэгорыі грамадзян могуць езьдзіць, напрыклад, вадзіцелі грузавых машын міжнародных перавозак. Ім, а таксама іншым грамадзянам у экстраных выпадках, патрэбныя шэнгенскія візы, і яны даступныя, праўда, пакуль не ва ўсіх амбасадах эўрапейскіх дзяржаваў, акрэдытаваных у Менску.

Італія: кароткатэрмінговыя візы

Як гаворыцца на сайце італьянскага дыппрадстаўніцтва, захоўваецца графік, вызначаны 14 красавіка — візавы цэнтар у Менску будзе функцыянаваць з 21 траўня толькі па панядзелках і чацьвяргах. Выдача пашпартоў таксама ў дні працы.

Працэс падачы заявы застаецца ранейшы: неабходна зарэгістравацца на сайце і выбраць час падачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт ухваліў пагадненьне зь Беларусьсю пра таньнейшыя візы

Польшча: часткова і для асобных катэгорый

11 траўня часткова аднавілі дзейнасьць у Менску, Берасьці і Горадні візавыя цэнтры Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча здымае пэўныя абмежаваньні на выдачу ўязных візаў беларусам

Прыём у юрыдычных і грамадзянскіх пытаньнях праводзіцца толькі ў выпадках, калі патрабуецца дапамога консула. У той жа час, падаць дакумэнты могуць наступныя катэгорыі:

  • Уладальнікі дазволу на працу ў Польшчы, у тым ліку сэзоннага характару
  • Уладальнікі карты паляка
  • Кіроўцы-міжнароднікі.

Пры гэтым прыём дакумэнтаў на карту паляка пакуль прыпынены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Польшчы: «Беларускія лекары самаахвярна змагаюцца з пандэміяй»

Латвія: прыярытэт мэдыкам і сацработнікам

З абмежаваным колам заяўнікаў працуе амбасада Латвіі. На сайце візавага цэнтру акрэсьленыя наступныя групы:

  • Спэцыялісты ў галіне ахове здароўя, работнікі сацыяльных службаў
  • Міжнародныя аўтаперавозчыкі
  • У сувязі зь цяжкай хваробай ці на пахаваньне блізкага сваяка
  • У асобных выпадках, зьвязаных з інтарэсамі дзяржавы (візы катэгорыі D пасьля ўзгадненьня з амбасадарам)
  • Асобы, якiя выконваюць службовыя абавязкі, зьвязаныя з наданьнем гуманітарнай дапамогі (пасьля ўзгадненьня з амбасадарам).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія, Літва і Эстонія адкрылі межы паміж сабой

Прыём заяваў з мэтай турызму, спартыўных і культурных імпрэзаў часова прыпынены.

Літва: толькі чальцы міжнародных экіпажаў

У выключных выпадках абслужаць наведнікаў у кансуляце Літоўскай Рэспублікі. У сувязі з абвешчаным на тэрыторыі краіны карантынам прыём дакумэнтаў на атрыманьне візаў прыпынены як у амбасадзе, так і ў візавых цэнтрах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суседзі Беларусі падоўжылі забарону на ўезд у сувязі з пандэміяй

Аб выдачы візаў могуць хадайнічаць толькі прадстаўнікі канкрэтнай катэгорыі.

У прыватнасьці, гаворка пра чальцоў экіпажаў, якія працуюць у літоўскіх кампаніях. Падставай павінна служыць тое, што фірма-наймальнік спэцыялізуецца на міжнародных камэрцыйных перавозках любымі відамі транспарту.

Іншыя амбасады: залежна ад эпідэміялягічнай сытуацыі

На сайце амбасады Чэхіі ў Беларусі адзначаецца, што ў сувязі з увядзеньнем урадам гэтай краіны надзвычайнай сытуацыі, ад 14 сакавіка прыпынены прыём заяваў на шэнгенскія і доўгатэрміновыя візы, а таксама дазволы на доўгатэрміновае і пастаяннае знаходжаньне на тэрыторыі Чэхіі.

Пры гэтым спынены разгляд заяваў, па якіх яшчэ не было прынятае рашэньне, консульскі збор вяртацца ня будзе.

Аналягічныя навіны і на сайтах іншых прадстаўніцтваў. Так, у амбасадзе Францыі Свабодзе паведамілі, што іх візавы аддзел пакуль зачынены і дакладна невядома, калі адновіць працу. У тэрміновых справах там раяць зьвяртацца наўпрост да консула.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля менскага параду амбасадар Славаччыны падаў у адстаўку 

Візы пакуль па 80 эўра, пазьней будуць па 35

Пасьля ўступленьня ў сілу 2 лютага новага Візавага кодэксу Эўразьвязу візавы збор для атрыманьня шэнгенскай візы павялічыўся з 60 да 80 эўра. Аднак гэтае падвышэньне для беларусаў часовае і будзе доўжыцца да ўступленьня ў сілу пагадненьня паміж Менскам і Брусэлем аб спрашчэньні візавага рэжыму, падпісанага 8 студзеня.

Пасьля ратыфікацыі Эўрапарлямэнтам, якая адбылася 13 траўня, дамову зь Беларусьсю мае ўхваліць Рада Эўразьвязу. Яна ўступіць у сілу у пачатку наступнага месяца пасьля ратыфікацыі. Калі Рада зацьвердзіць ў траўні, то з 1 чэрвеня дамова ўступіць у сілу і плата за шэнгенскую візу мае зьнізіцца да 35 эўра.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ