«Што заўгодна могуць расцаніць як палітычную дзейнасьць». Мова, кіно і тры прэзыдэнты ў Прыднястроўі

На вуліцы Тыраспалю 12 траўня 2020

Аляксандра Тэльпіс, адна з арганізатараў прыднястроўскага фэстывалю дакумэнтальнага кіно «Чеснок», расказала Радыё Свабода пра культурнае жыцьцё пад ціскам, беларускі «трэшак», адукацыю па-румынску, зьмену прэзыдэнтаў і няспраўджаныя мары некаторых прыднястроўцаў пра «Наваросію».

Аляксандра Тэльпіс

Аляксандра Тэльпіс вучылася ў румынскамоўнай школе ў Бэндэрах, паводле такой самай праграмы, як у Малдове. У прыватнасьці, пісалі лацінкай. Такіх школ у Прыднястроўі ўсяго шэсьць, і за апошнія дзесяцігодзьдзі яны ня раз сутыкаліся зь ціскам з боку ўлады.

— Нашая школа знаходзілася ў трох розных будынках, прычым у розных раёнах гораду. У 1990 годзе быў бум нараджальнасьці, і калі я пайшла ў школу ў 1997-м, ніводзін з гэтых будынкаў ня меў дастаткова прасторы для вучняў.

У нашай паралелі былі клясы ад лацінскай A да K (гэта 11 клясаў), і ў кожнай клясе было па 30 чалавек. У 90-я спрабавалі пабудаваць новы вялікі будынак для нашай школы, але празь ціск улады гэта давялося спыніць і нават выехаць з аднаго са старых будынкаў у цэнтры гораду.

Мне здаецца, мае бацькі разумелі, што дыплём гэтай школы дасьць больш магчымасьцяў, чым прыднястроўскі дыплём. Сям’я маёй мамы румынскамоўная — а калі ў цябе хаця б адзін з бацькоў малдаванін, дык было больш шанцаў трапіць у гэтую школу. Але былі і цалкам расейскамоўныя семʼі, якія аддавалі туды дзяцей.

10 фактаў аб Прыднястроўі

  1. Пасьля ўзброенага канфлікту ў 1992 годзе з удзелам расейскіх войскаў Прыднястроўе фактычна аддзялілася ад Малдовы. Малдова не прызнала аддзяленьня, пытаньне пра статус гэтай тэрыторыі застаецца нявырашаным.
  2. У непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы паводле перапісу 2015 году жылі 475 665 чалавек — прыблізна пароўну этнічных малдаван, расейцаў і ўкраінцаў.
  3. У Прыднястроўі дагэтуль знаходзяцца расейскія войскі.
  4. Ніводная краіна з тых, што ўваходзяць у ААН, не прызнала незалежнасьці Прыднястроўя.
  5. Практычна ўсе жыхары Прыднястроўя маюць малдаўскія, расейскія ці ўкраінскія пашпарты. Шмат хто з прыднястроўцаў мае адразу па некалькі пашпартоў.
  6. Афіцыйныя мовы ПМР — малдаўская, расейская і ўкраінская.
  7. Сьцяг і герб ПМР вельмі нагадваюць сымболіку савецкага ўзору, але ад 2017 году там прынялі расейскі сьцяг як другі дзяржаўны.
  8. Цяперашні прэзыдэнт Вадзім Краснасельскі — ужо трэці за час існаваньня ПМР.
  9. Другі прэзыдэнт, Яўгеній Шаўчук, які быў пры ўладзе з 2011 па 2016 год, абвінаваціў свайго папярэдніка Ігара Сьмірнова, які кіраваў з 1990 па 2011, што той вывез за мяжу 90 працэнтаў золатавалютнага фонду. А самога Шаўчука ў 2018 годзе ў Прыднястроўі завочна асудзілі на 16 гадоў турмы. Сярод абвінавачаньняў былі злоўжываньне ўладай і хабарніцтва.
  10. З 1990 году ў Прыднястроўі прайшло сем рэфэрэндумаў. Апошні адбыўся ў 2006 годзе. Паводле афіцыйных лічбаў, на яго прыйшлі 78,55% выбарнікаў. Зь іх 97,1% прагаласавалі «за незалежнасьць ПМР і наступнае далучэньне да Расейскай Фэдэрацыі».

Адукацыя: «Мы з мамай сядзелі ў двары, каб не дапусьціць захопу школы»

У Прыднястроўі дамінуе расейская мова, але ў той жа час улады падкрэсьліваюць асобнасьць малдаўскай мовы і выкарыстоўваюць для яе кірыліцу, якой Малдова карысталася за савецкім часам. Улетку 2004 году прыднястроўскія ўлады закрылі чатыры з шасьці румынскамоўных школ. Пазьней ім дазволілі адкрыцца як прыватным навучальным установам.

— У адну з такіх школ у Тыраспалі ўвайшла міліцыя, і пасьля гэтага людзі ў Бэндэрах улетку штодня прыходзілі ў школу — я таксама прыходзіла са сваёй мамай. Мы сядзелі ў двары, каб адстаяць будынак, каб не дапусьціць захопу школы. Нейкі час тады некаторыя дзеці нават езьдзілі з Тыраспаля вучыцца ў Бэндэры, за 12 кілямэтраў.

Пазьней былі яшчэ выпадкі, калі адключалі электрычнасьць на апошнім званку, каб не гучаў малдоўскі гімн з дынамікаў.

Аляксандра Тэльпіс

Пасьля школы Аляксандра Тэльпіс паступіла ва ўнівэрсытэт у Румыніі.

— У той час Румынія выдавала стыпэндыі для грамадзян Малдовы, і можна было паступіць ва ўнівэрсытэт паводле школьных ацэнак у малдоўскім дыплёме, без экзамэнаў. Румынія мае такую праграму падтрымкі румынскамоўнага насельніцтва ва Ўкраіне, Малдове і Баўгарыі. Калі ты скончыў расейскамоўную школу, дык каб паступіць нават у Малдове, трэба вучыцца яшчэ год і здаць экзамэны.

Беларусь: «Нейкі "трэшак" можа зьявіцца»

Аляксандра Тэльпіс кажа, што Беларусь амаль не прысутнічае ў інфармацыйнай прасторы Прыднястроўя.

— Пра звычайнае беларускае жыцьцё практычна нічога невядома. Нейкі «трэшак» можа зьявіцца — у сацыяльных сетках некалі актыўна абмяркоўвалі, калі ў Беларусі прынялі закон аб дармаедах. Пераважна казалі: «Што за лухта?» Цяпер, магчыма, таксама абмяркоўваюць заявы Лукашэнкі, што каранавірус — гэта проста прастуда.

Малдова і Ўкраіна: «Нейкі час было адчуваньне вайны»

Паводле Аляксандры Тэльпіс, калі ў Прыднястроўі пачалі зьяўляцца выпадкі каранавірусу, дык акцэнт у СМІ быў на тое, што яны завезеныя з Малдовы. Яна кажа, што агулам прыднястроўскія тэлеканалы практычна ва ўсім капіююць расейскія — у тым ліку і ў ацэнках сытуацыі ва Ўкраіне.

— Калі ў прыднястроўскіх СМІ зьяўляюцца нейкія важныя навіны, туды абавязкова прыпхнуць Малдову і пакажуць, як Малдова прыціскае Прыднястроўе. Тое, што цяпер прыднястроўскія ўлады запрашаюць місію Сусьветнай арганізацыі здароўя, гэта вельмі нетыпова. Але ў СМІ гэта тлумачыцца тым, што Малдова мае нахабства крытыкаваць, як мы змагаемся з каранавірусам, хоць сама робіць нейкія крокі пазьней за нас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка-мэм, САЗ як «Ойча наш» і адменены парад. Як змагаюцца з каранавірусам у Прыднястроўі

— Да 2014 году ворагам была Малдова, а потым запанавала пазыцыя кшталту «нас атачылі ворагі!». Нейкі час было адчуваньне вайны. Ва Ўкраіне баяліся, што на яе нападуць з Прыднястроўя, а ў нас казалі, што могуць напасьці з Украіны.

Раней расейскія вайскоўцы маглі трапляць у Прыднястроўе праз Украіну. А тут ім давялося лётаць пра кішынэўскі аэрапорт. Шмат каго заварочвалі і не пускалі, і зьявілася насьцярожанае стаўленьне да ўсіх мужчын, якія жывуць у Прыднястроўі з расейскімі пашпартамі. Бо калі напачатку вайскоўцы прыяжджалі ў форме і нават казыралі сваімі вайсковымі дакумэнтамі, дык потым ужо спрабавалі ўехаць як звычайныя грамадзяне.

Расея: Грошы сышлі пасьля мараў пра «Наваросію»

— Падчас падзеяў з Крымам, на пачатку канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, у некаторых людзей былі, напэўна, мары, што будзе «Наваросія» да Адэсы, што яна спусьціцца ў Прыднястроўе і мы ўрэшце будзем часткай вялікай Расеі. Але ў сувязі з гэтым канфліктам з Прыднястроўя сышлі некаторыя расейскія грошы. Бо зразумела, што ў Расеі зьявіліся важнейшыя прыярытэты. І ў выніку ўлады Прыднястроўя пачалі больш актыўна супрацоўнічаць з заходнімі амбасадамі ў Кішынэве, у тым ліку каб здабыць фінансавую падтрымку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заробак — $150-200. Як жывуць пасьля глыбокай інтэграцыі з Расеяй

— Апошнія некалькі гадоў актыўна працавала так званая камісія 5+2 пры садзеяньні місіі АБСЭ [У камісію ўваходзяць прадстаўнікі Малдовы, Прыднястроўя, Расеі, Украіны і АБСЭ, а таксама ЗША і Эўразьвязу як назіральнікі]. Да прыкладу, яна спрабавала дамовіцца пра спрашчэньне тэлефоннай сувязі, хоць гэта яшчэ не ўступіла ў сілу. Рэч у тым, што каб патэлефанаваць з Кішынэва ў Тыраспаль ці наадварот, трэба міжнародны код. І гэта можа быць даражэй, чым тэлефанаваць у ЗША.

Палітыка: «Апазыцыя ня мае ніякіх рычагоў уплыву»

— Нельга сказаць, што палітычная пляцоўка ў Прыднястроўі як у Савецкім Саюзе — альбо ты з уладай, альбо ты ніхто. Але пры гэтым апазыцыя ня мае ніякіх рычагоў уплыву — узьдзеяньне апазыцыйных палітыкаў на грамадзтва можна параўнаць хіба з уплывам журналістаў.

Да апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, бадай, была большая разнастайнасьць поглядаў унутры самой улады, у парлямэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рызыка сутыкненьняў лунае ў паветры». Што можа чакаць Малдову ў выніку дваяўладзьдзя

— Зьмены прэзыдэнтаў Прыднястроўя так ці інакш зьвязаныя з кампаніяй «Шэрыф». У другога, [Яўгенія Шаўчука], было «шэрыфаўскае» мінулае, а пра цяперашняга, [Вадзіма Краснасельскага], усім зразумела, што гэта стаўленік «Шэрыфа».

Наколькі я разумею, папярэдні прэзыдэнт, трапіўшы на пасаду, адвярнуўся ад «Шэрыфа», і гэта стала прычынай канфлікту. На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах Шаўчук «мачыў» кампанію «Шэрыф», і наадварот.

Канцэрты: «Ва ўлады могуць узьнікнуць пытаньні»

— Усе вялікія культурныя пляцоўкі падпарадкаваныя дзяржаве. Ня можа быць такога, што прыедзе, напрыклад, нейкі ўкраінскі рок-гурт і выступіць у Тыраспалі. Калі цябе не прывозяць улады, дык табе давядзецца ўсё доўга і мутарна ўзгадняць, і, хутчэй за ўсё, цябе ня пусьцяць. «Вялікае» культурнае жыцьцё ў асноўным ладзіцца ўладай і прыўладнымі эканамічнымі агентамі.

«Малое» культурнае жыцьцё на невялікіх пляцоўках магчымае, але нешта арганізаваць вельмі складана. Ва ўлады могуць узьнікнуць пытаньні.

Што праўда, ёсьць супрацоўніцтва з амбасадамі ў Кішынэве, і пры іх судзеяньні ладзяцца канцэрты — да прыкладу, прыяжджаюць амэрыканскія музыкі. Яны могуць выступаць на вялікіх сцэнах.

Кіно: «Усё адно прыходзяць людзі зь дзяржбясьпекі»

Прыднястроўскаму фэстывалю дакумэнтальнага кіно «Чеснок» ужо пяць гадоў.

— Мы сваю праграму не ўзгадняем з уладамі. У нас быў досьвед, калі мы хацелі трапіць у дзяржаўны тыраспальскі кінатэатар. Мы праходзілі колы пекла, каб атрымаць туды доступ — нас папрасілі даць на папярэдні прагляд усе-ўсе фільмы, даць кароткі зьмест кожнага фільму, але ў выніку нам усё адно адмовілі.

Прычым нам не прапаноўвалі выключыць нейкія фільмы — проста адмовілі, і ўсё.

Таму мы паказваем усё на прыватных пляцоўках. Туды ўсё адно прыходзяць людзі зь дзяржбясьпекі — мы гэта дакладна ведаем, бо яны заходзілі нешта абмяркоўваць з уладальнікамі гэтых памяшканьняў. Але прынамсі апошнім часам не было такога, каб нешта забаранілі.

Мы маем дамоўленасьць, што ў вялікія прыватныя кінатэатры не даём вельмі супярэчлівыя фільмы. Бо мы разумеем, што сувязь з такімі кінатэатрамі вельмі кволая. Ім важней, каб іх не турбавалі ўлады, чым атрымаць тыя грошы, якія мы можам ім даць. Гэта ня значыць, што мы выбіраем самыя «мяккія» і беспраблемныя фільмы, але самае супярэчлівае мы туды не даём.

Закон: «Што заўгодна могуць расцаніць як палітычную дзейнасьць»

Закон паводле расейскай мадэлі пра «замежных агентаў» быў уведзены ў Прыднястроўі ў канцы 2018 году.

— У нас закон нават больш жорсткі, чым у Расеі. У Расеі, калі ты маеш замежнае фінансаваньне і пры гэтым робіш нешта, што можна назваць «палітычнай дзейнасьцю», дык ты можаш назвацца «замежным агентам» і працягваць працу ў горшых умовах. У Прыднястроўі такой магчымасьці няма. Калі нейкую тваю дзейнасьць палічаць палітычнай і ты меў замежнае фінансаваньне, цябе закрыюць, хоць можа і не адразу.

Пры гэтым прыднястроўскія ўлады спрабуюць падаць гэта так, што наш закон мякчэйшы, чым у Расеі, бо ў нас няма панятку «замежны агент». Але пры гэтым што заўгодна могуць расцаніць як палітычную дзейнасьць, а без замежнага фінансаваньня ніводная грамадзкая арганізацыя на тэрыторыі Прыднястроўя ня можа існаваць, бо ўлады не даюць ніякіх грошай.

Аляксандра Тэльпіс

Пачаліся пракурорскія праверкі. Мы адзіныя трапілі пад гэты новы закон і пачалі судзіцца з пракуратурай.

Нас абвінавацілі ў тым, што два нашыя мерапрыемствы былі палітычнай дзейнасьцю — выстава пра ціск на СМІ за ўсю гісторыю Прыднястроўя ад пачатку 1990-х і тое, што ў нашым памяшканьні былы дэпутат, які цяпер палітоляг, правёў дыскусію пра палітычную сытуацыю ў Прыднястроўі.

Закон быў прыняты ў 2018 годзе, але абедзьве гэтыя імпрэзы былі раней. Да таго ж мы апошні раз атрымлівалі нейкае замежнае фінансаваньне на нашыя прыднястроўскія рахункі ў 2016 годзе. То бок нас перасьледавалі за дзейнасьць, якая была яшчэ да прыняцьця закону.