Пасьля менскага параду амбасадар Славаччыны падаў у адстаўку 

Амбасадар Славаччыны ў Беларусі Ёзэф Мігаш

Амбасадар Славаччыны ў Беларусі Ёзэф Мігаш пайшоў у адстаўку, піша славацкае выданьне Dennik.

Сьцьвярджаецца, што Мігаш не параіўся са сваім Міністэрствам замежных спраў адносна рашэньня ўзяць удзел у парадзе 9 траўня ў Менску, чым парушыў пратакол. Праз канфлікт на гэтай глебе дыплямат вырашыў падаць у адстаўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прасіў, каб расейскія тэлеканалы паказалі менскі парад. Не паказаў ніводзін, але напісалі іншыя СМІ

У офісе славацкай амбасады Свабодзе паабяцалі даць пісьмовы камэнтар, але «крыху пазьней». Тым часам у прэсавай службе МЗС Славаччыны факт адстаўкі прызналі.

Бальшыня кіраўнікоў дыпмісій Эўрапейскага зьвязу, за выключэньнем амбасадараў Вугоршчыны і Славаччыны, адхілілі запрашэньні на менскі парад. Аднак Ёзэф Мігаш свой удзел абгрунтаваў тым, што гэта прынцыповы момант, бо ён «сын партызана і антыфашыста».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць амбасадараў краінаў Эўразьвязу не прыйшлі на парад у Менску

Паводле МЗС Славаччыны, амбасадар парушыў прынцыпы камунікацыі са штаб-кватэрай.

Ёзэф Мігаш быў прызначаны ў Беларусь ў 2016 годзе. Да таго працаваў у дыпляматычных прадстаўніцтвах сваёй краіны ў Расеі і ва Ўкраіне. Быў сьпікерам славацкага парлямэнту.