У Беларусі ссунуць тэрміны уступнай кампаніі, заявіў журналістам міністар адукацыі Ігар Карпенка, перадае БелТА.
Уступная кампанія ў Беларусі адкладаецца на 12 дзён: цэнтралізаванае тэставаньне павінна было пачацца 13 чэрвеня, а пачнецца 25-га, паведаміў міністар адукацыі Ігар Карпенка пасьля нарады з Аляксандрам Лукашэнкам.
Тэставаньне па прадметах, на якія запісвацца найбольшая колькасьць абітурыентаў (такім як расейская мова і матэматыка), падзеляць на 2 дні, тэсты першага і другога дня будуць рознымі. Міністар падкрэсьліў, што парадку атэстацыі ніхто не мяняў.
Паводле міністра, навучальны год завершыцца, як і плянавалася, 30 траўня. Графік выпускных іспытаў у школах можа быць трохі адкарэктаваны ў залежнасьці ад зьместу прадметаў.
Што да выпускных у школах, Мінадукацыі прапануе вырашаць гэта пытаньне індывідуальна ў кожнай навучальнай установе.
Ужо з 1 чэрвеня пачнуць працаваць школьныя лягеры, а летнія лягеры з кругласутачным знаходжаньнем дзяцей пачнуць працу з 15 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Улады бязьдзейнічаюць і перакладаюць адказнасьць». Пагутарылі з бацькамі, якія не адпусьцілі дзяцей у школу ў траўні14 траўня Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнку і міністра адукацыі Ігара Карпенку. На нарадзе абмяркоўвалі заканчэньне навучальнага году ў сыстэме адукацыі, уступную кампанію і іспыты, летняе аздараўленьне і адпачынак дзяцей.
«Ніякіх непатрэбных паслабленьняў быць не павінна. Для таго, каб вучыцца ў ВНУ, патрэбны веды. Веды на стол — паступай у ВНУ. Калі гэта школа, давайце вызначымся, як мы будзем праводзіць там выпускныя іспыты па заканчэньні 9-х і 11-х клясаў», — заявіў Лукашэнка падчас нарады.
Ён падкрэсьліў, што рашэньні ў гэтых пытаньнях будуць прымацца выключна «зыходзячы з таго, як разьвіваліся падзеі» ў Беларусі ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу, «а ня так, як робяць нашы суседзі».
Ігар Карпенка даклаў Лукашэнку, што цяпер школы ў сярэднім наведваюць 41% навучэнцаў, але на вёсцы «значна больш школьнікаў на занятках». «І мы выстройваем адукацыйны працэс такім чынам, каб ня страціць якасьць адукацыі», — дадаў Карпенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«2 месяцы былі ў самаізаляцыі». Бабруйскіх гімназістаў прымушаюць прыйсьці на заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы