Каранавірус у Доме друку: больш за 20 захварэлі, супрацоўніца памерла

Дом друку ў Менску, архіўнае фота

Гэтую інфармацыю крыніц з выдавецтва Свабодзе пацьвердзіў намесьнік гендырэктара Юрый Арыхоўскі. Паводле яго, усяго захварэлі «больш за 20 чалавек», але дакладнай лічбы намесьнік гендырэктара выдавецтва не назваў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

6 траўня Юрый Арыхоўскі паведаміў журналістам, што на каранавірус захварэлі 17 супрацоўнікаў выдавецтва. Выходзіць, дынаміка адмоўная?

«Сытуацыя кожны дзень мяняецца. То плюс, то мінус. Сёньня больш ня стала, а як будзе, прадказаць цяжка. Па дакладныя зьвесткі зьвяртайцеся з афіцыйным запытам», — сказаў Юрый Арыхоўскі.

Паводле топ-мэнэджара, выдавецтва працягвае працаваць у звычайным рэжыме, рэгулярна праводзіцца дэзынфэкцыя памяшканьняў, супрацоўнікі прадпрыемства карыстаюцца сродкамі індывідуальнай абароны і прытрымліваюцца сацыяльнага дыстанцыяваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйна прызналі 4 сьмерці і 950 інфікаваных за дзень. Новая статыстыка распаўсюду COVID-19 у Беларусі

Юрый Арыхоўскі пацьвердзіў, што адна з супрацоўніц, у якой раней быў выяўлены каранавірус, памерла ў шпіталі, але прычыну сьмерці не назваў.

«Само прадпрыемства ня мае на руках пасьведчаньня аб сьмерці, таму як мы можам казаць пра прычыну сьмерці?» — сказаў Юрый Арыхоўскі.

Па зьвестках супрацоўніцы выдавецтва, якая прасіла яе не называць, усяго на дадзены момант у Доме друку захварэлі 28 супрацоўнікаў, а адна жанчына, якой быў 51 год, памерла.

Паводле суразмоўцы, на прадпрыемстве кажуць сама меней пра дзьве магчымыя крыніцы масавага захворваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «COVID-дысыдэнты ня вераць у сур’ёзнасьць праблемы, пакуль яна іх не накрые». Мянчук апісаў у дзёньніку, як 33 дні хварэў на каранавірус

«У аднаго супрацоўніка жонка працуе на хуткай дапамозе. Другі магчымы шлях — у працаўніка сваяк займаецца пастаўкамі грузаў з-за мяжы. Але праблема ў тым, што ён ведаў пра хваробу сваяка, але працягваў прыходзіць на працу. Чаму не пайшоў на самаізаляцыю, невядома. І цяпер у нас 28 захварэлі ды яшчэ шмат хто на самаізаляцыі», — сказала працаўніца выдавецтва «Беларускі дом друку».

Карэспандэнт Свабоды патэлефанаваў адказнаму супрацоўніку выдавецтва, які ўжо больш як два тыдні шпіталізаваны з каранавірусам.

«Так, яшчэ хварэю, ніяк не адпускае. Пачуваюся ўжо лепш, але тэсты яшчэ не адмоўныя, таму працягваю лячэньне», — сказаў суразмоўца.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ