Блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін цяпер знаходзяцца ў Берасьцейскай цэнтральнай гарадзкой бальніцы. Аляксандар Кабанаў трапіў туды 9 траўня пасьля таго, як сам выклікаў хуткую дапамогу, бо дрэнна сябе адчуваў, паведамляе БАЖ.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У другой палове дня 12 траўня лекары паведамілі Аляксандру Кабанаву пра станоўчы тэст на COVID-19. Сам блогер кажа, што яму дыягнаставалі правабаковую пнэўманію, а сярод сымптомаў — падвышаная тэмпэратура (трымаецца каля 3 тыдняў) і зьнікненьне пачуцьця смаку.
Калі Кабанаў трапіў у бальніцу, ён падпісаў паперу пра правілы распарадку, дзе абавязаўся не выходзіць з палаты. У палаце ён адзін, лекары прыходзяць у супрацьвіруснай экіпіроўцы, ежу прыносяць у палату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мінздароўя Беларусі паведаміла пра 7 памерлых ад каранавірусу за суткі. Гэта антырэкордУ гэтай жа бальніцы, але на іншым паверсе, цяпер ляжыць і калега Аляксандра Кабанава — блогер Сяргей Пятрухін. У яго таксама падвышаная тэмпэратура. У бальніцу Сяргей Пятрухін трапіў пасьля суда 11 траўня ў Берасьці, па выніках якога судзьдзя Дзьмітры Куроўскі прысудзіў Пятрухіну 15 сутак арышту.
Спачатку міліцыянты павезьлі Пятрухіна з суда ў ізалятар, нават не дачакаўшыся выкліканай хуткай дапамогі. У выніку блогера шпіталізавалі ў другой палове дня 11 траўня.
Аляксандар Кабанаў не выключае, што пасьля выпіскі з бальніцы яго таксама чакае суд. Некаторы час каля яго палаты знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. З чым гэта зьвязана, блогер ня ведае, лекары яму нічога не тлумачаць.