На менскім ААТ «Пеленг» памерлі двое супрацоўнікаў, якія мелі станоўчыя тэсты на COVID-19 — Андрэй Фурс і Анатоль Тарэеў. Яшчэ пяцёра супрацоўнікаў захварэлі на каранавірус, яны цяпер дома і ў шпіталях.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў намесьнік гендырэктара прадпрыемства Сяргей Паддубоцкі.
«Абодва былі хворыя на каранавірус, яны ляжалі ў бальніцы. У 67-гадовага Анатоля Тарэева была двухбаковая пнэўманія. 43-гадовы Андрэй Фурс самотны, бацькі памерлі, у яго засталася сястра. Быў машыністам рэзальных машын. Ён ляжаў у бальніцы тыдні два, для ўсіх было нечакана».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Памёр навуковец з прадпрыемства «Пеленг», які быў на апараце ШВЛСяргей Паддубоцкі зьдзівіўся, што прэса гэтым цікавіцца.
«Навошта перажоўваць трагедыю чалавека? У нас звычайнае прадпрыемства, не сакрэтнае. Чаму такі ажыятаж і пытаньне да нашага прадпрыемства?» — сказаў ён.
ААТ «Пеленг» — вядучае прадпрыемства оптыка-мэханічнай і оптаэлектроннай прамысловасьці ў краіне, уваходзіць у склад Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту. На прадпрыемстве вырабляюць мэтэаралягічнае абсталяваньне, прыборы для касьмічных апаратаў, тэхніку і вайсковае абсталяваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Памёр яшчэ адзін супрацоўнік «Пеленга», у якога выявілі каранавірусАндрэй Фурс памёр 8 траўня, сказаў карэспандэнту Свабоды ягоны сябар Валеры.
«Я дакладна ня памятаю, калі яго паклалі ў 5-ю лякарню. Яго хутка забралі, ён нават не пасьпеў узяць з сабой нейкія рэчы. У яго была высокая тэмпэратура, цяжка было дыхаць, задышка. Яму было цяжка размаўляць праз тэлефон, ён нават хвіліну ня мог нармальна пагаварыць, прасіў часта не тэлефанаваць. Ён казаў, што яму прапанавалі прымаць кітайскія таблеткі і ўзялі зь яго пра гэта росьпіс, што ён пагаджаецца. Здаецца, 4 траўня ён сказаў, што ў яго станоўчы тэст на каранавірус. Потым я даведаўся ад яго сваякоў, што прычынай сьмерці пазначылі цыроз печані. І гэта пры тым, што ён не ўжываў алькаголь. Яго крэміравалі».
Андрэй Фурс адпрацаваў на «Пеленгу» 12 гадоў. Ён быў парафіянінам менскай катэдры, сьпяваў у хоры Gloria. Паводле сяброў, «быў прыкладам сапраўднага ціхага хрысьціянства».
Анатоль Тарэеў, які працаваў начальнікам аддзелу аптычных сыстэм прадпрыемства «Пеленг», памёр 27 красавіка. У менскай раённай бальніцы ў Бараўлянах, куды яго паклалі з пнэўманіяй, ён правёў каля трох тыдняў, яго падключалі на ШВЛ. Пахавалі ў закрытай труне, паведамляе «Наша Ніва». Анатоль Тарэеў займаўся лазэрнымі прыцэламі, у базе патэнтаў Беларусі на яго імя зарэгістравана больш за сто адзінак.