У Бабруйску пасьля акцыі «АнтыПарад» затрымалі каля 15 чалавек

Ілюстрацыйнае фота

Жыхар Бабруйска Дзяніс М. распавёў Свабодзе, што пасьля акцыі «АнтыПарад» у горадзе адбыліся затрыманьні.

Паводле яго, агулам было затрымана каля 15 чалавек, якія накіроўваліся ў бок вакзалу, ішлі па вуліцы, махалі рукамі і крычалі «Стоп таракан!» Сярод іх былі бабруйчане і прыежджыя. За пратэстоўцамі ехала машына міліцыі, усе яны былі затрыманыя, іх павезьлі ў аўтобусе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Бабруйску пратэстуюць кіроўцы. ВІДЭА

Як расказала Свабодзе прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна, у Бабруйску затрымалі кіраўніцу Бабруйскай арганізацыі АГП і прафсаюзу РЭП Галіну Сьмірнову, актывістаў Уладзімера Раманоўскага і Аляксандра.

«Яны шлі карміць галубоў, раздаваць газэты. Раздалі газэты каля лазьні — па’ехаў аўтазак з магілёўскімі нумарамі», — паведаміла Красуліна.

Цяпер усе затрыманыя знаходзяцца ў Бабруйскім РАУС. У РАУСе Свабодзе адмовіліся тлумачыць, каго і за што затрымалі, спаслаўшыся на недахоп інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэратара «Белсату», які ехаў на «АнтыПарад», 3 гадзіны трымалі ў міліцыі за «скрадзены аўтамабіль»