Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 8 траўня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
- Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 8 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19. Агулам 21 101 чалавек было са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя); 121 памерлы, 5484 пацыенты выздаравелі і выпісаныя. Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 933 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў пасьля COVID-19.
- Палата прадстаўнікоў 8 траўня прызначыла прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе на 9 жніўня — прэзыдэнцкая кампанія пачынаецца ва ўмовах эпідэміі.
- Шэраг палітыкаў адразу заявілі пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў паведаміў, што ідзе ў прэзыдэнты, падчас жывой трансьляцыі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку ў пятніцу вечарам.
- Абвестка пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах зьявілася і на старонцы ў Фэйсбуку былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Валерыя Цапкалы. Допіс суправаджаецца абʼёмным тэкстам пра бачаньне Цапкалам шляхоў разьвіцьця Беларусі. Сам Валеры Цапкала пакуль не пацьвердзіў свайго намеру ў асабістай размове, ягоны тэлефон на аўтаадказьніку.
- Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец ня будзе ўдзельнічаць у прызначаных на 9 жніўня выбарах прэзыдэнта Беларусі і падтрымліваць палітыкаў ад апазыцыйных партый і структур, якія вылучаюць свае кандыдатуры.
- Міністэрства аховы здароўя плянуе правесьці ў асобных раёнах Беларусі цэнтралізаваныя дасьледаваньні для вызначэньня праслойкі, імуннай да COVID-19, паведаміў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік.
- Больш за 100 лекараў, мэдычных працаўнікоў і спэцыялістаў у галіне аховы здароўя з усяго сьвету заклікалі Facebook, Google і Twitter заняць больш жорсткую пазыцыю да дэзынфармацыі, якая распаўсюджваецца аб пандэміі каранавірусу.