«Лекаў засталося на чатыры дні». З прычыны каранавірусу беларус ня можа вярнуцца дахаты пасьля лячэньня ў Віетнаме

Аляксандар Пазьняк

Чатыры гады таму Аляксандар Пазьняк працаваў аграномам і ня меў асаблівых праблемаў са здароўем. Аднойчы ён прачнуўся і зразумеў, што ня можа стаяць на нагах.

Далей — шпіталізацыя, сутаргі, болі ў назе, апэрацыі, другая група інваліднасьці.

«Было адчуваньне, што нага жыве асобна ад арганізму», — тлумачыць хлопец. У студзені ён паехаў на лячэньне ў Віетнам і ў сакавіку зьбіраўся вярнуцца дахаты. Але здарыўся каранавірус, і краіны закрылі межы.

У размове са Свабодай хлопец расказвае пра хваробу, лячэньне на радзіме і залежнасьць ад наркатычных плястыраў.

«Выйсьця няма, акрамя як падсадзіць мяне на наркатычныя абязбольвальныя»

«Я прыехаў сюды не на адпачынак, а лячыцца і паспрабаваць на ногі ўстаць», — не хавае эмоцый хлопец. Чатыры гады таму яму паставілі дыягназ — «комплексны рэгіянарны болевы сындром з залучэньнем левай нагі, наяўнасьцю трывалага болевага сындрому, аміятрафічнага сындрому, міеліт». Хлопец ходзіць на правай назе з мыліцай, цярпіць боль у сьпіне і левай назе, ня можа на яе ўстаць.

«Нашыя лекары трохі праваронілі момант на пачатку захворваньня, гэта дало ўскладненьні, — кажа Аляксандар Пазьняк. — Больш за год таму ў Менску мне зрабілі дзьве апэрацыі на хрыбетніку ў РНПЦ нэўралёгіі і неўрахірургіі, але лепш ня стала. Пасьля другой нават горш. Лекары сказалі, што пакуль няма выйсьця, акрамя як падсадзіць мяне на наркатычныя абязбольвальныя».

Аляксандар Пазьняк

Пазьняку прапанавалі зрабіць яшчэ адну апэрацыю — імплянтаваць марфінавую помпу, — але ён адмовіўся. Так Аляксандар ужо год «сядзіць» на наркатычных плястырах, якія, вядома, выклікаюць залежнасьць.

«Яшчэ адну апэрацыю ў Менску правесьці адмовіліся. Складана і ня факт, што дапаможа. Я пачаў збор грошай. Двойчы езьдзіў на абсьледаваньне ў Расею. Аналізы, якія мне прызначалі, нятанныя, а некаторыя ў Беларусі ня робяць. У мяне не было фінансаў, каб зрабіць іх».

Кошты лячэньня ў Ізраілі і Заходняй Эўропе былі для Аляксандра непад’ёмныя. Лекары параілі яму зьмяніць клімат і паспрабаваць нетрадыцыйную мэдыцыну. Так малады чалавек апынуўся ў Віетнаме.

«Я прыехаў сюды ў студзені, пажыць трохі і паглядзець на сваё самаадчуваньне. Грошай было няшмат. Мануальны тэрапэўт і бальніца, куды я хадзіў на працэдуры па акупунктуры, сказалі, што ў маёй сытуацыі трэба праходзіць курс. І не адзін, а некалькі. А адзін курс доўжыцца ад трох да шасьці месяцаў, потым трэба рабіць перапынак. Яны палічылі, што на тры курсы трэба прыкладна тры гады. А гэта грошы немаленькія», — кажа Аляксандар.

«Зь Віетнама выставілі цэньнік $1235»

Мясцовыя лекары, паводле слоў Аляксандра Пазьняка, не абяцаюць яму, што пасьля лячэньня боль пройдзе.

«Але мы хоць бы можам аднавіць адчувальнасьць у назе, — кажа хлопец. — Таму што ў мяне зь цягам часу яна наогул зьнікла. Я не адчуваю ні гарачага, ні халоднага, наступіць на нагу балюча, ужо і пальцамі не магу паварушыць. Боль, магчыма, стане меншы, і ня трэба будзе прымаць наркотыкі — хопіць абязбольвальных. Пасьля працэдур у Віетнаме мне трошкі лягчэй, але гэта толькі на пару гадзін, а потым усё вяртаецца».

Аляксандар плянаваў паляцець дадому 19 сакавіка, набыў квіток на чартэрны рэйс. Але, кажа, у той момант Расея ўжо закрыла межы для замежнікаў.

«У аэрапорце мяне разьвярнулі. Сказалі, што мой білет ануляваны, што я не грамадзянін Расеі і не магу ляцець», — працягвае Аляксандар і дадае, што грошы за квіток яму не вярнулі, а прапанавалі білет на любы іншы чартэрны рэйс праз тое ж агенцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім турыстам, якія застаюцца за мяжой, давядзецца плаціць за сваю эвакуацыю

Потым, кажа Аляксандар, усё-ткі зьявілася магчымасьць ляцець транзытам праз Расею, але квіткі былі дарагія. А з красавіка ў Віетнаме ўвялі карантын, перасоўвацца ў іншыя правінцыі забаранілі, спыніўся наземны і авіятранспарт. Больш варыянтаў вярнуцца дадому не было. Потым зьявілася інфармацыя пра эвакуацыю беларусаў зь Віетнаму і Тайлянду.

«Зь Віетнаму выставілі цэньнік $1235 з адтэрмінаванай аплатай — гэта цана пры поўнай напаўняльнасьці самалёта. Гэта вялікія грошы, асабліва для мяне з пэнсіяй у 200 рублёў. У выніку амбасада выдаліла навіну пра тое, што будзе эвакуацыя зь Віетнаму. Цяпер пра гэты эвакуацыйны рэйс наогул інфармацыі няма. З Тайлянду забіраюць дакладна».

«Не наляплю плястыр — боль узмоцніцца настолькі, што не змагу спаць»

У Аляксандра канчаюцца плястыры, якія пазбаўляюць яго ад болю, і грошы. Страхоўка ўжо скончылася, але і яна не пакрыла б ягоны выпадак, бо захворваньне хранічнае. А атрымаць наркатычныя плястыры ў Віетнаме нашмат складаней, чым у Беларусі.

«Гэта прэпараты строгай справаздачнасьці, патрэбны дазвол шпіталя, таму што за гэта могуць пасадзіць. У Беларусі няма такой жорсткасьці. Я ўжо лаяўся з амбасадай, яны адмаўляліся дапамагаць. Я прачытаў Канстытуцыю, знайшоў пункт, што яны абавязаныя абараняць грамадзян. Толькі пасьля гэтага яны пачалі варушыцца, напісалі паперу ў шпіталь. Але ў шпіталі пра яе нічога ня ведалі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7400 беларусаў вярнуліся з-за мяжы, «сацыяльныя рэйсы» працягваюцца, — МЗС Беларусі

Пераадолеўшы яшчэ некалькі бюракратычных перашкод, Аляксандар атрымаў чарговую паперу ад амбасады для шпіталя з просьбай аказаць яму дапамогу. Але ў шпіталь яшчэ ня езьдзіў.

«Я адчуў на сабе, што такое „ломка“. Гэта жудасна, нікому не пажадаю. У мяне застаўся адзін плястыр, па сутнасьці, 4 дні ў запасе. І ўсё. Калі не наляплю плястыр, боль узмоцніцца настолькі, што не змагу спаць наогул, у мяне будуць выкручвацца рукі — нешта кшталту „ломкі“ ў наркаманаў. Я спрабаваў хадзіць безь яго, але ня вытрымаў і паўдня. Гэта тое ж самае, што вам будуць рабіць апэрацыю без наркозу».

Цяпер Аляксандар шукае грашовай дапамогі, каб працягваць лекаваньне і набыць квіток у Беларусь. Вярнуцца дадому самастойна ён ня можа.