Беспрацоўе, хатні гвалт, спробы забараніць аборты, больш неаплатнай працы. Якія выклікі нясе пандэмія для жанчын у Беларусі і сьвеце?

Ілюстрацыйнае фота.

Жанчыны ў часе пандэміі робяцца больш уразьлівымі на рынку працы. Іх большасьць сярод мэдычных і сацыяльных работнікаў і прадавачак — у сфэрах, дзе існуе найбольшая рызыка заразіцца. Хатні гвалт і неаплатная хатняя праца, спробы забараніць аборты — якія выклікі нясе пандэмія для жанчын у Беларусі і ў сьвеце?

Абмяркоўваюць кіраўніца «Гендэрнага маршруту» і старшыня рады Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Ірына Саламаціна і дасьледчыца Польскай акадэміі навук і Цэнтру EAST Вераніка Лапуцька.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сьцісла

  • Ірына Саламаціна: Жанчыны масава губляюць аплачаную працу. Пры гэтым доля выкананай жанчынамі неаплачанай працы па доглядзе павялічваецца ў выніку закрыцьця школаў і росту патрэбаў пажылых людзей.
  • Вераніка Лапуцька: Калі жанчыны бачаць, што дзяржава не абараняе сваіх грамадзян ад каранавіруусу, то як яна будзе абараняць жанчын ад хатняга гвалту, калі яна і раней гэтага не рабіла?

«Уладальніцы малога і сярэдняга бізнэсу цяпер вельмі ўразьлівыя, і не відаць, каб дзяржава рабіла хоць нейкія засьцерагальныя захады»

Ірына Саламаціна

Кіраўніца «Гендэрнага маршруту» і старшыня рады Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Ірына Саламаціна акрэсьлівае асноўныя праблемы для жанчын на рынку працы ў часе пандэміі і характарызуе захады ўладаў Беларусі дзеля падтрымкі жанчын як мінімальныя і недастатковыя.

— Глябальныя тэндэнцыі былі агучаныя Генэральным сакратаром ААН, які заявіў пра тое, што амаль 60 працэнтаў жанчын ва ўсім сьвеце працуюць у нефармальным сэктары эканомікі, зарабляючы менш, ашчаджаючы менш і маючы большую рызыку апынуцца ў галечы. Цяпер закрываюцца бізнэсы, прыпыняецца вытворчасьць, і жанчыны масава губляюць аплачаную працу. Пры гэтым доля выкананай жанчынамі неаплачанай працы па доглядзе павялічваецца, бо закрываюцца школы і растуць патрэбы пажылых людзей.

Што да Беларусі, то, па выніках нядаўняга онлайн-апытаньня SATIO, «паніжэньня заробку чакаюць 39% беларусаў, 2/3 апытаных чакае, што сытуацыя з пандэміяй пагоршыцца бліжэйшым часам, і найбольш сур’ёзна ставяцца да захадаў засьцярогі жанчыны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доктаркі, мэдсёстры і слабыя істоты

Закрыцьцё межаў мае свае наступствы. У памежных рэгіёнах індустрыя турызму (у тым ліку аграэкатурызм) — сфэра жаночага прадпрымальніцтва. Былі праекты ПРААН, накіраваныя на падтрымку жаночага бізнэсу ў малых гарадах і сельскай мясцовасьці. Цяпер агенцтвы ААН спрабуюць дапамагаць ім асвоіць онлайн-тэхналёгіі, каб справіцца з сацыяльна-эканамічнымі наступствамі крызісу COVID-19. Уладальніцы малога і сярэдняга бізнэсу цяпер вельмі ўразьлівыя, і не відаць, каб дзяржава рабіла хоць нейкія засьцерагальныя захады.

  • Офлайн-крама ZERRO спыніла сваю працу 3 траўня 2020 году і перайшла на працу ў фармаце інтэрнэт-крамы. Уладальніцы паведамілі, што, «на жаль, у цяперашняй сытуацыі гэта адзіная магчымасьць пазьбегнуць поўнага закрыцьця і працягнуць працу як онлайн-пляцоўка». Праз сацыяльныя сеткі яны зьвярнуліся да людзей з заклікам: «Калі вы хочаце нас падтрымаць у гэты складаны час для ўсяго бізнэс-сэктару Беларусі, то набудзьце нешта патрэбнае для сябе або сваіх родных і блізкіх».
  • Ва Ўкраіне ўладальнікі памяшканьняў, якія здаюцца ў арэнду, угаворваюць бізнэсы не касаваць дамовы, прапануюць ільготы, арэндныя вакацыі, бясплатныя 2–3 месяцы. У Беларусі акурат супрацьлеглая сытуацыя. Яніна Ганчарова, заснавальніца Belarus Fashion Week, паведаміла, што была вымушана зьехаць з офіса, бо «на саступку па арэндзе прыватнік не пайшоў».
  • Асабліва моцна ўдарыў крызіс па жанчынах зь нізкім даходам, нізкай заработнай платай і нестандартнай занятасьцю. Найбольш церпяць гаспадыні мікрапрадпрыемстваў у сфэрах, якія моцна залежаць ад сацыяльнага ўзаемадзеяньня. Можна прывесьці як прыклад уладальніцу MeetnGreetMe Алену Шкарубу, якая напісала: «Я не зьбіраюся адмаўляцца ад свайго бізнэсу. Я так доўга яго будавала, што ня маю іншага выбару, акрамя як прыдумаць ідэю, якая дапаможа майму бізнэсу, маёй камандзе, супольнасьці MeetnGreetMe выжываць». Сёньня MeetnGreetMe далучаецца да руху #StayTheFuckHome і ператвараецца ў онлайн-пляцоўку, каб адкрываць новыя культуры з дапамогай мясцовых жыхароў з больш як 500 гарадоў сьвету, застаючыся дома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці праўда, што краіны з жаночым лідэрствам найлепей спраўляюцца з каранавірусам?

На жаль, я ня бачыла ніякіх праектаў, напрыклад, ад банкаў у Беларусі, якія б прапаноўвалі пакеты фінансавай падтрымкі для жаночых малых бізнэсаў і мікрапрадпрыемстваў. У іншых краінах установы мікрафінансаваньня адыгрываюць важную ролю ў падтрымліваньні жаночых бізнэсаў. Вельмі важна, каб у краінах былі фінансавыя структуры, якія б узаемадзейнічалі са сваімі кліенткамі, прыслухоўваліся да іхніх патрэбаў і праяўлялі гнуткасьць і крэатыўнасьць у прапанове адпаведных фінансавых інструмэнтаў, каб падтрымаць іх у час крызісу.

«У будучыні трэба будзе ацаніць эфэктыўнасьць дзеяньняў і захадаў беларускай дзяржавы па абароне жанчын, якія працуюць, ва ўмовах COVID-19»

Як падтрымлівае жанчын дзяржава ў часе пандэміі ў Беларусі? Ёсьць сацыяльная мера, якая прадугледжвае выплату дапамогі па часовай непрацаздольнасьці асобам, якія даглядаюць дзяцей ва ўзросьце да 10 гадоў, якія наведваюць дашкольную ўстанову або ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, калі гэтае дзіця адносіцца да кантактаў першага або другога ўзроўню. Гэта, мякка кажучы, зусім не дастаткова ва ўмовах пандэміі.

А пункт «уласьнікам маёмасьці — рэкамэндавана даваць арандатарам адтэрміноўку па аплаце арэнднай платы, а таксама зьмяншаць яе памер з улікам абʼёму іх выручкі» наогул бянтэжыць. У гэтай сувязі правамерныя пытаньні ўласьніка маёмасьці дзяржаўным службам, наколькі апошнія самі гатовыя, напрыклад, даць магчымасьць субʼектам гаспадараньня плаціць за электраэнэргію не наперад, а па спажываньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жахлівая ўспышка гвалту ў сем’ях» адбылася на фоне карантынаў, — генэральны сакратар ААН

Думаю, што ў будучыні яшчэ трэба будзе ацаніць эфэктыўнасьць дзеяньняў і захадаў беларускай дзяржавы па абароне жанчын, якія працуюць, ва ўмовах пандэміі COVID-19.

  • Беларуская арганізацыя працоўных жанчын праводзіць апытаньне «Жанчыны і COVID-19 у Беларусі: запатрабаваньні і праблемы», мэта якога — зразумець, як сытуацыя з COVID-19 уплывае на жанчын, і ці дастаткова захады, якія прымае дзяржава, улічваюць патрэбы жанчын. Вы можаце ўзяць у ім удзел, запоўніўшы адпаведную форму.

«Пацярпелыя ад хатняга гвалту жанчыны не зьвяртаюцца па дапамогу, таму што ня бачаць, як ім можа дапамагчы дзяржава, ня вераць, што міліцыя іх абароніць»

Вераніка Лапуцька

Дасьледчыца Польскай акадэміі навук і Цэнтру EAST Вераніка Лапуцька тлумачыць, чаму ў часе пандэміі зьяўляецца, як яна кажа, «дадатковы прыгнёт жанчын праз прызму патрыярхальнасьці грамадзтваў» — рост хатняга гвалту ў розных краінах і спроба «правесьці» закон супраць абортаў у Польшчы.

— Гэта даволі распаўсюджаны спосаб дзеяньняў квазіаўтарытарных або аўтарытарных сыстэмаў, калі падчас крызісных сытуацый найбольшы прыгнёт зазнаюць менавіта групы людзей зь вельмі абмежаванымі магчымасьцямі ўдзелу ў грамадзкіх працэсах. У такіх сыстэмах улада мае вельмі шмат рычагоў, каб на такія групы ціснуць яшчэ больш.

У часе каранавіруснай пандэміі ўсе краіны можна падзяліць на дзьве групы паводле рэакцыі ўладаў. У адной групе яшчэ больш заціскаюцца свабоды грамадзян унутры краіны, а ў другой улады ідуць на пэўныя кампрамісы, нягледзячы на пэўныя абмежаваньні чалавечых свабодаў, напрыклад свабоды перасоўваньня. У Польшчы ў часе пандэміі «усплыў» праект закону, які яшчэ больш абмяжоўваў права польскіх жанчын на аборт — гэты закон прапаноўвалі яшчэ ў 2016 годзе, і тады ён выклікаў шматтысячныя пратэсты жанчын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ахрысьціць і пахаваць. Да чаго прывяла забарона абортаў у Польшчы

Празь некалькі тыдняў пасьля таго, як у Польшчы забаранілі зьбірацца больш за 2 асобы, законапраект вярнулі і выставілі на галасаваньне. Тысячы жанчын распачалі пратэст у сацыяльных сетках і зрабілі шэраг онлайн-акцый супраць законапраекту — плякаты, маскі з адпаведным хэштэгам. У крамах, стоячы ў чэргах на адлегласьці, жанчыны трымалі плякаты з пратэстам супраць такога закону, альбо былі ў тэматычных масках. Пратэставалі і мужчыны. Вынік — законапраект не прайшоў, яго перадалі ў камісію і фактычна замарозілі. Жанчыны здолелі абʼяднацца і далі прыклад усяму сьвету.

Другая праблема — хатні гвалт. На самым пачатку пандэміі ягоны рост быў зафіксаваны ў краінах Азіі. Зь цягам часу, як пачалі «закрывацца» іншыя краіны, лічбы хатняга гвалту пачалі расьці і там. Калі карантын скончыцца, мы пабачым статыстыку, якую цяпер зьбіраюць ААН і аддзел па гендэрнай роўнасьці Сусьветнага банку. І мы пабачым, наколькі гэта быў цяжкі пэрыяд для жанчын.

Your browser doesn’t support HTML5

Разам з пандэміяй расьце эпідэмія хатняга гвалту

У Беларусі карантын ня ўведзены, і экспэрты пакуль не фіксуюць росту хатняга гвалту. Але гэта ня значыць, што яго няма. Магчыма, тут адыгрывае ролю тое, што жанчыны не зьвяртаюцца па дапамогу, таму што ня бачаць, як ім можа дапамагчы дзяржава, ня вераць, што міліцыя іх абароніць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А1 зрабіў бясплатнымі званкі на гарачую лінію для ахвяраў хатняга гвалту. Чаму гэта важна менавіта цяпер

У Беларусі няма закону, які іх абароніць, і няма выпрацаванага мэханізму абароны ад хатняга гвалту ў дзяржаве. Калі жанчыны бачаць, што дзяржава не абараняе сваіх грамадзян ад каранавірусу, то як яна будзе абараняць жанчын ад хатняга гвалту, калі яна і раней гэтага не рабіла? Значны фактар — вялікі недавер да дзяржавы, які цяпер павялічыўся ў некалькі разоў. Уразьлівыя групы пабачылі, што дзяржава ня можа іх абараніць у фундамэнтальных рэчах, тым больш яна закрые вочы на праблему хатняга гвалту.

«Для людзей пытаньне здароўя і бясьпекі больш важнае, чым пытаньне роўнасьці і свабоды»

Цяпер канстатуецца, што падчас пандэміі зьнізілася цікавасьць грамадзтва да гендэрных праблемаў. Калі мы паглядзім на «піраміду патрэбаў Маслаў», то пабачым, што для людзей пытаньне здароўя і бясьпекі больш важнае, чым пытаньне роўнасьці і свабоды, чым мэтафізычныя і філязофскія пытаньні. На жаль.

Калі ёсьць пытаньне, як выжыць, натуральна, што пытаньні палітычных і грамадзкіх свабодаў адыходзяць на другі плян. Гэта заканамерна, і нікога нельга вінаваціць у гэтым, але можна вінаваціць урады краінаў, дзе гэтым карыстаюцца, дзе расьце колькасьць хатняга гвалту, дзе спрабуюць праціснуць законы, якія абмяжоўваюць правы і так вельмі ўразьлівых групаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палохалі, што дзіця можа заразіцца і займець пнэўманію». Гісторыі жанчын, якія нарадзілі ў часы каранавірусу

Некаторыя ўрады пачалі карыстацца сытуацыяй, каб пашырыць магчымасьці кантраляваньня і маніторынгу грамадзян, як у Расеі і Кітаі, або пашырыць свае паўнамоцтвы, як гэта здарылася ў Вугоршчыне. Калі глябальныя пытаньні бясьпекі выносяцца на першы плян, зразумела, што людзі думаюць толькі пра гэта, і гэта нэгатыўна ўплывае на ўразьлівыя групы, якія застаюцца неабароненымі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ