У Бэльгіі ахвярай Covid-19 стаў адзін з апошніх ацалелых сьведак Галакосту. 94-гадовы Анры Кічка памёр у суботу ў брусэльскім доме для састарэлых.
Анры Кічка ў гады Другой сусьветнай вайны быў сярод выжылых вязьняў нацысцкага канцлягеру Асьвенцім, які знаходзіўся на поўдні акупаванай гітлераўцамі Польшчы.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У студзені 2020 году ён распавядаў ВВС пра свой жыцьцёвы досьвед, у прыватнасьці, назваўшы Асьвенцім увасабленьнем сьмерці. Яго сын Майкл Кічка напісаў у Фэйсбуку: «Мікраскапічны каранавірус дамогся таго, чаго не дамаглася цэлая нацысцкая армія. Мой бацька выжыў падчас „маршу сьмерці “, але сёньня завяршыўся ягоны марш жыцьця».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Цела ў труну кладуць у пакеце». Ад COVID-19 памерла мянчанка, якая перажыла ГалакостАнры Кічка нарадзіўся ў Бруселі ў 1926 годзе ў габрэйскай сям’і выхадцаў з Польшчы. Яго бацькі ўцяклі ад хвалі антысэмітызму ва Ўсходняй Эўропе, каб пачаць новае жыцьцё на Захадзе. Акупацыя нацыстамі Бэльгіі не пакінула ім месца, дзе яны маглі б схавацца, і вельмі хутка, у 1942 году яны былі дэпартаваныя.
Бацька хлопчыка павінен быў прымусова працаваць, у той час як жанчыны зь яго сям’і, маці і сёстры, а таксама цётка, былі адпраўленыя ў Асьвенцім, дзе вельмі хутка былі накіраваныя ў газавыя камэры, пасьля чаго спаленыя ў лягерных печах.