Беларускія межы застаюцца фармальна адкрытымі, але выехаць з краіны няма магчымасьці.
У сувязі з працягам пандэміі COVID-19 суседзі Беларусі Ўкраіна і Літва працягнулі дзеяньне карантынных захадаў, у тым ліку забарону ўезду іншаземцаў (за выключэньнем кіроўцаў грузавога транспарту, дыпляматаў і некаторых іншых катэгорый грамадзян).
- Расея закрыла межы на пэрыяд з 18 сакавіка па 30 красавіка, забарону могуць і падоўжыць.
- Польшча — да 3 траўня.
- Украінская мяжа закрытая з 17 сакавіка да 11 траўня.
- У Літву іншаземцы таксама ня змогуць заехаць сама меней да 11 траўня.
- У Латвію — да 12 траўня.
Інфармацыя сабраная агенцтвам БелаПАН з сайтаў дзяржаўных органаў гэтых краінаў.
У сувязі з карантынам дыпляматычныя прадстаўніцтвы Польшчы, Літвы (а таксама візавыя цэнтры гэтых краінаў) і Латвіі спынілі прыём дакумэнтаў на візы. Візавыя цэнтры Літвы ў Менску і Горадні прымаюць дакумэнты ў кіроўцаў, якія робяць грузаперавозкі.
Беларусь сваіх межаў не закрывала, аднак тыя, хто ўяжджае ў краіну, абавязаны два тыдні знаходзіцца на самаізаляцыі.