Баварыя скасавала праз каранавірус сьвята піва Oktoberfest

Улады нямецкай зямлі Баварыя заявілі 21 красавіка, што ў сувязі з пандэміяй каранавірусу яны адмяняюць сёлетні Oktoberfest у Мюнхэне.

Oktoberfest — найбуйнейшы міжнародны фальклёрны фэстываль, на якім у сталіцы Баварыі кожную восень зьбіраюцца аматары піва з усяго сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Поўнае тармажэньне. Нямецкі лекар дзеліцца досьведам барацьбы зь вірусам

Паводле агенцтва Reuters, фэстываль зьбірае штогод каля шасьці мільёнаў удзельнікаў на двухтыднёвыя народныя гуляньні і выпіваньні, якія праходзяць у намётах з доўгімі драўлянымі сталамі ды прыносяць даход для гораду большы за 1 мільярд эўраў.

«Мы вырашылі, што рызыка занадта вялікая», — заявіў журналістам прэм’ер Баварыі Маркус Зёдэр. — Гэта баліць, нам вельмі шкада».

Раней плянавалася, што сёлетні Oktoberfest пройдзе з 19 верасьня па 4 кастрычніка.