Сацыял-дэмакраты «Грамады» выступілі супраць суботніка, параду і выказалі эканамічныя ініцыятывы

Суботнік у дзяржаўных арганізацыях

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) заявіла, што праз ігнараваньне маштабаў каранавірусу ўлада неналежным чынам рэагуе на небясьпеку пандэміі для жыцьця і здароўя сваіх грамадзянаў, парушае права на аб’ектыўную інфармацыю.

Асобныя яе захады — такія, як аднаўленьне заняткаў у школах, вайсковы прызыў, намер правесьці суботнік і парад 9 траўня — нясуць пагрозу масавых заражэньняў, лічаць у партыі.

БСДП (Грамада) заклікала ўлады ўстрымацца ад масавых мерапрыемстваў, у тым ліку суботніка і публічнага адзначэньня Дня Перамогі. Кіраўніцтва партыі лічыць, што гэта супярэчыць канцэпцыі барацьбы з пандэміяй. Правядзеньні суботніка і параду зьяўляюцца ідэалягічнымі акцыямі, а не жыцьцёва неабходнымі, яны не гарантуюць бясьпекі, лічаць у партыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі адказала на пэтыцыю супраць параду 9 траўня

Эканамічныя ініцыятывы «Грамады»

«У сьвеце пачаўся прадказаны раней эканамічны крызіс, — гаворыцца далей у заяве партыі. — Пандэмія яшчэ больш ускладняе дзейнасьць гаспадарчых суб’ектаў, перш за ўсё прыватнага бізнэсу. Беларускія гастарбайтары вярнуліся на радзіму, дзе для іх няма працы. Краіна стаіць перад пагрозай масавага беспрацоўя. Улада не прымае апэратыўныя меры для зьмякчэньня наступстваў крызісу».

У гэтым зьвязку БСДП заклікае ўвесьці падатковыя і крэдытныя вакацыі для суб’ектаў гаспадараньня, а таксама фізычных асобаў, вымушаных спыніць сваю працу альбо істотна зьнізіць аб’ёмы аказаньня паслуг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Псыхалёгія ці прага ўлады? Чаму Лукашэнка дзейнічае насуперак усяму сьвету

Таксама партыя выступіла зь ініцыятывай на пэрыяд пандэміі бясплатна забясьпечыць пэнсіянэраў, людзей з інваліднасьцю і іншыя сацыяльна неабароненыя групы сродкамі індывідуальнай аховы ад віруснай інфэкцыі.