Лукашэнка лічыць, што каранавірус стане добрым урокам для тых, хто паліць, і наркаманаў 

Сваякі асуджаных па «наркатычных» артыкулах

Аляксандар Лукашэнка перакананы, што занепакоенасьць у грамадзтве з нагоды распаўсюду каранавірусу будзе добрым урокам для тых, хто мае шкодныя звычкі, паведамляе ягоны сайт.

«Для наркаманаў і курцоў гэта добры ўрок. Мы гэта бачым па цяжкіх захворваньнях на пнэўманію, асабліва абцяжараную каранавірусам. Гэта добры ўрок — падумаць аб тым, як арганізоўваць сваё жыцьцё пасьля так званай пандэміі», — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра амністыю: карупцыянэрам і непаўналетнім распаўсюднікам наркотыкаў скароцяць тэрміны на год

Да крымінальнай адказнасьці за нарказлачынствы прыцягнута нямала моладзі, многія адбываюць пакараньне ўпершыню. Таму, заявіў Лукашэнка, ён даручыў асобна прапрацаваць пытаньне аб магчымасьці памілаваньня такіх асобаў:

«Трэба прызнаць, што адказнасьць за такую моладзь ляжыць у тым ліку на дарослых. Не змаглі ўсачыць за гэтымі падлеткамі ні бацькі, ні пэдагогі. Бясспрэчна прасочваецца недастатковасьць прафіляктычных мераў з боку дзяржаўнай сыстэмы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС: Чарговая амністыя можа закрануць 1,8 тысячы асуджаных за наркотыкі

Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што пакараньне за нарказлачынствы — гэта прафіляктыка для ўсіх, а ня толькі для асуджаных.

«Трапілі туды, пабывалі ў месцах пазбаўленьня або абмежаваньня волі, можа быць, пашанцуе — выпусьцім адтуль. І яны ў добрым сэнсе змогуць заразіць гэтым „вірусам“ усіх. І астатнія падумаюць, ці варта гэтым займацца. Гэта добрая прафіляктыка», — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што Камісія ў памілаваньні будзе старанна вывучыць хадайніцтва кожнага прэтэндэнта на памілаваньне.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ