Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі 15 красавіка заявіў, што ў аптэках Беларусі «значна палепшылася» сытуацыя з «таварамі падвышанага попыту»: мэдычнымі маскамі і антысэптыкамі. Свабода праверыла праз пошук па аптэках — сытуацыя сапраўды палепшылася, але лічбы Дзяржкантролю выклікаюць сумневы.
Паводле Дзяржкантролю, у канцы сакавіка і пачатку красавіка праверкі ў 283 аптэках паказалі, што аптэчная сетка мела праблемы з забесьпячэньнем мэдычнымі маскамі і антысэптычнымі сродкамі: маскі нібыта былі толькі ў 17% правераных аптэк, антысэптыкі ў 38,5%.
Да таго Дзяржкантроль называў лічбы менскага маніторынгу: са 130 аптэк маскі або рэсьпіратары знайшлі ў 25%, антысэптыкі — у 27%.
Свабода праверыла тыя менскія лічбы: у Беларусі ёсьць шэраг сэрвісаў, якія паказваюць наяўнасьць тавараў у аптэках практычна ў рэальным часе. Тады 103.by паказаў, што мэдычныя маскі прадаваліся ў 6% аптэк па Беларусі і 0,6% у Менску, а Tabletka.by знайшоў розныя віды масак толькі ў некалькіх дзясятках аптэк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
25% ці 0,6%? Дзяржкантроль знайшоў маскі ў чвэрці аптэк Менску, мы праверылі
Колькі цяпер
Цяпер Дзяржкантроль сьцьвярджае, што сытуацыя палепшылася. Маніторынг Дзяржкатролю 13 красавіка, праведзены ў 1081 аптэцы, паказаў, што мэдычныя або санітарна-гігіенічныя маскі ёсьць у 964 аптэках (89,2%), антысэптыкі на сьпіртавой аснове — у 893 (82,6%).
Па стане на раніцу 16 красавіка 103.by знаходзіць тавар «мэдычная маска» («санітарна-гігіенічных» сярод тавараў няма) у 284 аптэках Беларусі з 3740 наяўных у базе. Гэта 7,6%, у тузін разоў менш за выяўленае Дзяржкантролем. У Менску 103.by знаходзіць маскі ў 51 аптэках з 860, гэта 5,9%.
Але сытуацыя з маскамі сапраўды палепшылася, што відаць і ў пошуку Tabletka.by — сэрвіс знаходзіць ужо не дзясяткі, а сотні аптэк з маскамі ў продажы.
Палепшылася сытуацыя і з антысэптыкамі: так, на 103.by антысэптычны раствор этанолю вытворчасьці «Беласэптыкі» знаходзіцца ў 118 аптэках краіны (3,15%), вытворчасьці Бабруйскага гідролізнага заводу — у 133 (3,5%). Ды і гэта далёка ад названых Дзяржкантролем 82,6%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Ні масак, ні антысэптыкаў, ні пітной вады». Дзяўчына трапіла ў шпіталь і стала там кантактам першага ўзроўню па каранавірусе
Лукашэнка абураўся, пагражаў ураду
Аляксандар Лукашэнка 7 красавіка склікаў нараду аб сытуацыі з каранавіруснай інфэкцыяй у Беларусі з удзелам 30 чыноўнікаў і кіраўнікоў установаў аховы здароўя. Ён папярэдзіў прэм’ер-міністра і ўрад, што «калі толькі да канца тыдня адказныя людзі мне дакладуць, што чагосьці не хапае ў аптэках, крамах або лякарнях, асабліва для аховы лекараў, ураду ня будзе».
«Гэта абы-што, што мы чагосьці ня можам зрабіць, — абурыўся Лукашэнка. — Маску гэтую няшчасную ня можам пашыць для насельніцтва. Яны ж ідуць, шалікамі закрываюцца, правільна робяць, але няўжо мы маскі ня можам пашыць?»
Ён таксама загадаў Дзяржкантролю «жэстачайшым чынам шчаміць гэтыя крамы і аптэкі».