Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў паабяцала бясплатныя дыстанцыйныя кансультацыі мэдыкам, задзейнічаным у барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй у Беларусі.
Паводле БРКА, рашэньне ўхваліла пераважная большасьць адвакатаў — яны «разумеюць, што такія мэдработнікі ізаляваныя ад сем'яў, знаходзяцца ў няпростых умовах працы і стрэсавай сытуацыі».
Мэдыкам прапануюць зьвязвацца з адвакатамі па тэлефоне, відэасувязі або праз мэсэнджэры. Дапамогу абяцаюць ва ўсім, што ня тычыцца вядзеньня бізнэсу, у тым ліку:
- працоўнай дзейнасьці;
- абароне правоў спажыўца;
- пытаньнях адміністрацыйных правапарушэньняў;
- справах спадчыны і падзелу маёмасьці і інш.
Па кансультацыі можна зьвяртацца ў абласныя і менскую гарадзкую калегіі, кантакты якіх прыведзеныя тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдсястра з цукровым дыябэтам адмаўляецца працаваць у інфэкцыйным кабінэце. Загадчык паліклінікі: «Гэта абавязак» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра «каранавірусны псыхоз»: у лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцёШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.