Пакет дапамогі ЭЗ для краінаў сьвету на барацьбу з COVID-19 дасягне 20 мільярдаў эўраў
Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жазэп Барэль
Эўразьвяз выдзеліць агулам больш за 20 мільярдаў эўраў на дапамогу краінам-партнэрам у барацьбе з пандэміяй каранавірусу SARS-CoV-2.
Пра гэта вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жазэп Барэльзаявіў пасьля відэаканфэрэнцыі з эўрапейскімі міністрамі разьвіцьця 8 красавіка. «Вірус яшчэ не пераможаны, пакуль яго не перамогуць усюды», — падкрэсьліў Барэль.
Пакет дапамогі пад назвай Team Europe будзе накіраваны на падтрымку «найбольш уразьлівых краінаў», у прыватнасьці ў Афрыцы, Азіі, Лацінскай Амэрыцы, а таксама суседніх з Эўразьвязам краінаў-удзельніц праграмы «Усходняе партнэрства» і Балканаў. Грошы пойдуць на гуманітарную дапамогу, умацаваньне сыстэмаў аховы здароўя, водазабесьпячэньне і санітарыі, а таксама зьмякчэньне сацыяльных і эканамічных наступстваў пандэміі.
Тым часам краіны Вышаградзкай групы (Польшча, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына) заявілі аб дапамозе краінам Усходняга партнэрства ў барацьбе з каранавірусам у рамках асобнай праграмы на агульную суму 250 тысяч эўраў.