Беларусь адмовілася выдаць Расеі егавіста  

Сьведкі Яговы ў Менску, 2019 год

Генэральная пракуратура Беларусі адмовіла ў выдачы Расеі Мікалая Махалічава. Ён вызвалены з-пад варты, паведамляе праваабарончая арганізацыя Human Constanta.

Расейскі пасьлядоўнік рэлігійнай арганізацыі Сьведкі Яговы паўтара месяца знаходзіўся пад арыштам у Беларусі. Праваабаронцы спадзяюцца, што беларускія ўлады дасьць расейцу статус уцекача або прыстанішча, пасьля чаго той зможа жыць у бясьпецы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі быць сьведкам Яговы не злачынства». У Расею вернікі стараюцца ня езьдзіць

36-гадовага Мікалая Махалічава затрымалі 21 лютага ў Гарадку Віцебскай вобласьці. Яму паведамілі, што Расея абвясьціла яго ў міждзяржаўны вышук, бо ён належыць да забароненай рэлігійнай супольнасьці.

Праз тры дні пасьля гэтага намесьнік пракурора Гарадоцкага раёну адправіў егавіста ў віцебскі СІЗА.