Сэйм Польшчы ўсё ж ухваліў законапраект пра галасаваньне праз пошту на прэзыдэнцкіх выбарах

Позна ўвечары 6 красавіка польскія заканадаўцы пасьля паўторнага галасаваньня ўхвалілі прапанову партыі «Права і справядлівасьць» (PiS) аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў 10 траўня праз пошту, перадае агенцтва Reuters.

PiS настойвае, што выбары павінны быць праведзеныя, нягледзячы на рост колькасьці сьмерцяў, выкліканых вірусам. Але крытыкі абвінавачваюць партыю ў тым, што яна ахвяруе грамадзкім здароўем, імкнучыся падтрымаць Анджэя Дуду, які заканчвае свой першы прэзыдэнцкі тэрмін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грошы, аплікацыі, гарачыя лініі. Як ўрады ў Эўропе дбаюць пра грамадзян падчас пандэміі

PiS прапанавала замяніць кабінкі для галасаваньня на пасланыя поштаю бюлетэні.

Падчас першага галасаваньня ў парлямэнце 228 заканадаўцаў выказаліся супраць уключэньня гэтага пытаньня ў парадак дня, і 228 выказаліся за. Тры дэпутаты ўстрымаліся і адзін не прагаласаваў. Гэты вынік азначаў, што першапачаткова прапанова PiS аб галасаваньні поштаю была адхіленая.

Але падчас паўторнага галасаваньня позна ўвечары 230 дэпутатаў прагаласавалі за, а 226 супраць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўвяла новыя абмежаваньні праз эпідэмію каранавірусу

Цяпер законапраект накіруюць у верхнуюю палату парлямэнту, якую кантралюе апазыцыя. Аднак ніжняя палата мае права пераадолець вэта верхняй.