У Менску восем дзён будуць перакрываць вуліцы для падрыхтоўкі параду на Дзень Перамогі

Рэпэтыцыя вайсковага параду. Менск, 2019

Для трэніровак да параду 9 траўня, пачынаючы ад 6 красавіка і ў наступныя дні на асобных участках дарог у Менску будзе абмежаваны рух усіх відаў транспарту.

Як паведамляецца на сайце прадпрыемства «Менсктранс», будзе спыняцца рух на ўчастку ад вуліцы Даўмана да праспэкта Пераможцаў. Прычына — падрыхтоўка зводнай роты ганаровай варты да параду войскаў Менскага гарнізону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што Дзень Перамогі ў Беларусі адзначаць, як задумвалі, нягледзячы на каранавірус

Рэпэтыцыі будуць праходзіць на праспэкце Машэрава 6, 9, 13, 16, 20, 23, 27 і 30 красавіка. У названыя даты з 21.00 да 23.00 прыватнаму і ведамаснаму аўтатранспарту перамяшчэньне забаронена, рух грамадзкага транспарту будзе скарэктаваны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны рыхтуецца да параду 9 траўня, нягледзячы на каранавірус. 2000 вайскоўцаў прыбылі ў Менск