У Віцебску яшчэ 28 сакавіка памерла работніца фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» Галіна Шастоўская, паведамляе tut.by. Ёй было 54 гады.
Дачка жанчыны распавяла, што яе мама «літаральна за пяць дзён згарэла ад пнэўманіі», у яе «быў пацьверджаны каранавірус». Галіна Шастоўская пайшла з жыцьця на два дні раней за віцебскага актора Віктара Дашкевіча, у якога таксама былі і пнэўманія, і станоўчы вынік на каранавірус, які выклікае COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тата хацеў праславіць Віцебск як актор, а праславіў як першая ахвяра каранавірусу». Інтэрвію з дачкой Віктара Дашкевіча. ВІДЭАOnliner.by піша, што мэдсястра аддзяленьня Віцебскай 1-й гарадзкой клінічнай бальніцы 47-гадовая Сьвятлана Кісялёва трапіла ў бальніцу з пнэўманіяй 30 сакавіка. У ноч з 2 на 3 красавіка ёй стала горш, яе адвезьлі ў рэанімацыю, але выратаваць яе не ўдалося. Тэст на каранавірус жанчыне зрабілі яшчэ 31 сакавіка, аднак дачка памерлай кажа, што выніку няма дагэтуль.
«Прыкладна 13 сакавіка ў аддзяленьні мамы сталі выпісваць хворых: рыхтаваліся перапрафіляваць пад хворых з ВРВІ і пнэўманіяй. Тады ж, максымум 16 сакавіка сталі паступаць першыя хворыя, — распавяла Onliner 27-гадовая дачка Сьвятланы Анастасія. — Маме на той момант не выдалі ні рэсьпіратараў, ні спэцыяльных ахоўных касьцюмаў, ні акуляраў. Выдавалі толькі 15 грамаў сьпірту для дэзынфэкцыі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Яна карысталася маскамі з рэсьпіратарам, якія сама купіла. У яе было літаральна тры штукі. Я бачыла, як яна прынесла гэты рэсьпіратар дадому і была вымушаная яго памыць. Вы б бачылі, у якім стане ён быў пасьля мыцьця, ён быў проста непрыдатны для далейшай эксплюатацыі».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ