«Пакуль выжываем». Як трымаюцца менскія бары і кавярні ў каранавірусны крызіс

Блінная «ДЭПО #2» на Зыбіцкай вуліцы

Карэспандэнты Свабоды два дні хадзілі па Зыбіцкай і Кастрычніцкай, каб зразумець, ці стала менш людзей на папулярных вуліцах і як уладальнікі рэстаранаў і кавярняў зьбіраюцца ратаваць свой бізнэс.

«На 60% зьнізілася колькасьць людзей»

У панядзелак на Зыбіцкай не працуе ніводзін бар. У «ДЭПО #2» а 18-й вечара амаль няма людзей, але праз 20 хвілін некалькі столікаў ужо занялі. Дзяўчына на касе кажа, што такі час ня надта ўдалы, каб рабіць высновы пра колькасьць наведнікаў. Але прызнае, што людзей стала значна менш.

Кавярня «ДЭПО #2»

Мы ідзём на Кастрычніцкую. Людзей на вуліцы мала, але гэта, хутчэй за ўсё, таму, што панядзелак.

У рэстарацыі ENZO на Кастрычніцкай дзьве наведніцы.

«Калі б гэта было да каранавірусу, то людзей было б больш», — сьцьвярджае дзяўчына-афіцыянтка.

Яна кажа, што ва ўстанове зьмянілі расстаноўку сталоў — паставілі іх далей адзін ад аднаго. У прыбіральні і на барнай стойцы ёсьць антысэптыкі, але шмат людзей прыходзяць са сваімі.

Рэстарацыя ENZO

У кавярні Let it be на Кастрычніцкай каля 8 вечара заняты адзін столік. Адміністратар Валерыя кажа, што сытуацыя зьмянілася прыкладна два тыдні таму, калі суседнія краіны пачалі закрываць межы.

«На 60% зьнізілася колькасьць людзей. У выходныя дні яны ёсьць. Але ўсё роўна розьніца адчуваецца паміж звычайнымі выходнымі і выходнымі цяпер».

Установа зьмяніла рэжым працы. Калі раней працавалі да 22.00, то цяпер зачыняюцца на дзьве гадзіны раней.

«Для панядзелка сёньня было вельмі-вельмі нядобра, — падсумоўвае Валерыя. — Мы ўвогуле спэцыялізуемся на сьняданках. Абеды таксама ў нас ёсьць. Але суседнія офісы на карантыне. Калі звычайна на сьняданках у нас поўная пасадка, то сёньня — адзін-тры столікі».

Кавярня Let it be

У суседняй кавярні «Лаўка», дзе ў асноўным бяруць ежу з сабой, чакаюць свае замовы два чалавекі. Супрацоўнікі ўстановы кажуць, што на выходных людзей было шмат.

«У гэты час летась было амаль тое ж самае. Ну крыху менш людзей цяпер. Калі вы хочаце даведацца, як людзі настроеныя, то збольшага нікому не цікава, што адбываецца. Я проста прывяду вам прыклад, калі стаіць поўная ўстанова людзей, адчыняюцца дзьверы, заходзіць чалавек, бачыць, што тут не праветрываецца памяшканьне і вельмі шмат людзей. І ён такі: „Ну, добра, пастаю“».

Кавярня «Лаўка»,

Хлопцы кажуць, што на наведвальнасьць уплывае і надвор’е. Мінулыя выходныя былі першымі цёплымі пасьля зімы, таму, мяркуюць яны, людзей было шмат.

«Цяпер холадна. Офісы працуюць дыстанцыйна», — кажуць супрацоўнікі пра будны дзень.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Усё адменена»

Далей пераходзім да бара ў «ОК16», але на дзьвярах вісіць абвестка пра карантын да сёньняшняга дня. Вяртаемся назад і заходзім у бар «Хуліган». Тут сядзіць некалькі чалавек. За стойкай размаўляюць супрацоўнікі.

Абвестка на ўваходзе ў бар прасторы «ОК 16»

Пытаемся ў бармэна Дзьмітрыя, чаму так мала людзей. Панядзелак вінаваты ці каранавірус?

«Не, гэта не панядзелак. Сытуацыя, пра якую мы размаўляем, вельмі адбілася на ўсіх. Усё адменена. Вечарынкі — гэта наш асноўны заробак. Мы пазыцыянуем сябе як дыджэй-бар. Гэта асноўны прыток людзей і грошай. Цяпер гэтага нічога няма. У нас быў тэрміновы сход, дзе мы абмяркоўвалі, што рабіць далей. Большасьць установаў скарачае гадзіны ці дні працы. Мы таксама з наступнага тыдня будзем працаваць толькі з чацьвярга па нядзелю».

Дзьмітры, працуе бармэнам у «Хулігане»

Дзьмітры кажа, што звычайны дзень цяпер не пакрывае нават затрат на электраэнэргію.

«У нас ёсьць сталыя наведнікі. Яны прыходзілі незалежна ад таго, ёсьць вечарынкі ці няма, — расказвае хлопец пра мінулыя выходныя. — Калі браць наведвальнасьць на выходных да гэтай сытуацыі за 100%, то выходныя пасьля абвяшчэньня сусьветнай пандэміі — гэта 20%».

Дзьмітры кажа, што на дапамогу ад дзяржавы «Хуліган» не разьлічвае.

«Цяпер мы вырашаем, што рабіць. Ідэяў шмат. Але платаздольнасьць насельніцтва маленькая».

Бармэн не выключае, што «Хуліган» будзе праводзіць онлайн-вечарынкі.

Бар «Хуліган»

«Імкнёмся не скарачаць супрацоўнікаў, але складана, бо працы няма»

У суседняй кавярні «Дэпо» сустракаем уладальніка гэтай і шэрагу іншых установаў Уладзя Луневіча.

«Скарачэньне ад 60 да 85% выручкі з усіх установаў, — кажа Луневіч. — Ніхто ў сьвеце ня ведае, што рабіць далей. Пакуль выжываем. Дастаўка таксама не паратунак. Гэта проста нейкі грашовы паток. У прынцыпе, бізнэс жа нізкарэнтабэльны. Калі ты 30% з кожнай стравы павінен аддаваць дастаўшчыку, гэта проста выжываньне, а ня бізнэс».

Луневіч кажа, што няма гатовых рашэньняў, што рабіць, калі людзі баяцца выходзіць з дому.

Блінная «Дэпо»

«На суботу-нядзелю прыйшло больш людзей, бо былі першыя цёплыя выходныя, людзі ня вытрымалі і выйшлі. Але гэта таксама нельга параўнаць зь мінулымі гадамі».

Уладзь Луневіч кажа, што ў яго ўстановах імкнуцца не скарачаць супрацоўнікаў, але «складана, бо працы няма».

На Зыбіцкую вяртаемся ўвечары ў аўторак. Першы бар — «На пляжы». Тут няма ніводнага наведніка.

Адміністратар Яўген паўтарае фразу, якую мы чулі ў кожнай установе — людзей нашмат менш.

«На працэнтаў 80, — кажа ён. — У пятніцу-суботу яшчэ месяц назад у мяне былі зарэзэрваваны ўсе пяць вялікіх столікаў. У сярэднім гэта 40 чалавек. Цягам трох тыдняў у мяне няма ніводнай броні ўвогуле. Па-мойму, пачалося прыкладна з 14 сакавіка».

Бар «На пляжы»

Бары скарачаюць гадзіны і дні працы

Бар KALINOŬSKI скараціў колькасьць працоўных дзён.

«Разумееце, камуналкі і электраэнэргіі мы спажываем больш, чым зарабляем. Вы ж бачыце самі, што ў час пік людзей у мэтро як бы няма. Ну ўвогуле нічога няма. Капец ва ўсіх».

Хлопец кажа, што ўладальнікі бараў і кавярняў пісалі калектыўныя лісты ў дзяржаўныя ўстановы, каб у крызісны час дзяржава дапамагла бізнэсу выжыць. Прасілі, напрыклад, не налічваць пеню за несвоечасовыя выплаты за камунальныя паслугі. Савет Міністраў, па словах супрацоўніка бара, прасілі ўвесьці падатковыя і арэндныя вакацыі.

Адказ ад уладаў павінен прыйсьці днямі.

Бар «Каліноўскі» на Зыбіцкай вуліцы

«Які сэнс ім цяпер выходзіць кудысьці?»

У піўным бары BeerCap асноўныя кліенты — айцішнікі. Цяпер яны працуюць дыстанцыйна.

«Які сэнс ім цяпер выходзіць кудысьці?» — задаецца пытаньнем бармэн Іван.

Зімні сэзон, кажа Іван, ня ўсе бары перажывалі нармальна. Але BeerCap звычайна трымаўся.

«Як прайшлі выходныя? Калі ёсьць звычайная сума N, то гэтым разам яна ў разы 4 меншая. Самі бачыце, тут няма ніводнага чалавека. Сёньня ў мяне было двое кліентаў», — кажа Іван, але падкрэсьлівае, што бар працуе з 17 вечара, а мы гутарым каля 20.00.

Піўны бар BeerCap

Апошні бар на нашым шляху — Karma на вуліцы Камсамольскай. Апроч супрацоўнікаў, тут яшчэ тры чалавекі.

«Зразумела, сытуацыя кепская. Мы, пэрсанал, гуляем „у дурня“», — кажа адзін з хлопцаў. — З аднаго боку, мы хочам, каб людзі былі дома. І адначасова мы ня зможам зарабляць грошы і, можа, апынемся бяз дома, бяз гэтай цудоўнай установы. І бяз нашых кватэр, за якія трэба плаціць. Вось так!«

Супрацоўнікі кажуць, што наведвальнасьць скарацілася прыкладна ў два разы.

«Усе нашыя госьці — сьвядомыя людзі. Мы б таксама з задавальненьнем пасядзелі дома. Але нам няма адкуль чакаць падтрымкі. І мы вымушаныя працаваць у тым фармаце, у якім можам сабе гэта дазволіць», — дадае адзін з бармэнаў.

Бар «Карма»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я сама ў шоку, што ходзяць, не баяцца». Што робіцца ў цэнтрах фітнэсу і ёгі падчас пандэміі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А што рабіць? Сядзець у куточку і плакаць?» Менскі гостэл стаў «камуналкай для міленіялаў», каб перажыць пандэмію каранавірусу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя мелі да 90% кліентаў з Расеі». Як працуюць беларускія санаторыі пасьля закрыцьця межаў