10 фантастычных гарадоў, якія варта наведаць гэтай вясной

Лятучы горад Калюмбія

Жыхары Злучаных Гарадоў Амэрыкі амаль не высоўваюцца з сваіх дамоў, а між паселішчамі ходзяць толькі рэдкія кур’еры. Сайлент-Хіл накрыла туманамі. Палякі пакуль не адкрылі футурыстычны Найт-Сіці. Якія гарады тады наведаць гэтай вясной? Чытайце агляд Свабоды па выдуманых віртуальных гарадах зь відэагульняў.

Навіград

Ці ня самы блізкі беларусам па духу фантастычны горад — Навіград. Вольны горад на тэрыторыі каралеўства Рэданія будзе здавацца знаёмым любому, хто наведваў Гданьск. Абавязкова паглядзіце на велічны Храм вечнага агню і наведайце славутыя лазьні.

Як дабрацца: The Witcher 3: Wild Hunt

Сіці-17

У Сіці-17 будынкі ў стылістыцы сацыялістычнай Баўгарыі дзіўна спалучаюцца з новай, проста іншаплянэтнай архітэктурай. Кажуць, у горадзе варта знайсьці Алікс Вэнс — найлепшую экскурсаводку рэгіёну. Але пастарайцеся не злаваць праваахоўнікаў, якіх мясцовыя называюць «камбайнамі».

Як дабрацца: Half-Life 2

Лас-Сантас

Найбуйнейшы горад штату Сан-Андрэас можа прывабіць і пляжамі, і гарамі паблізу, і раёнам сядзібаў кіназорак, і не зусім легальнымі аўтагонкамі. Толькі сьцеражыцеся бандытаў — крымінальная абстаноўка там цяпер неспрыяльная.

Як дабрацца: Grand Theft Auto V

Уайтран

Увесь Скайрым — паўночная правінцыя Тамрыэля — варты таго, каб абысьці яго пешшу ці аб’ехаць конна. Але пачаць сваю вандроўку лепш з Уайтрана, тамтэйшых крамаў і тавэрнаў. Адтуль ужо можна падымацца на Высокі Гротгар да манахаў-шэрабародых або ехаць у сталічны Саліт’юд.

Як дабрацца: The Elder Scrolls V: Skyrim

Падводны горад Рэпчур

Заснавальнік падводнага цуд-гораду Рэпчур, бізнэсовец Эндру Раян, нарадзіўся пад Менскам, але пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўцёк у ЗША. Ён вырашыў, што калі ідэальнага сьвету не існуе, то ён пабудуе яго сам. І збудаваў шэдэўр стылю ар-дэко проста пад вадой. Многія кажуць, атмасфэра ў Рэпчуры змрочная, а грамадзтва хаатычнае — такім варта наведаць лятучы горад Калюмбію, што недалёка ад Рэпчура.

Як дабрацца: Bioshock

Карнака

Надакучыла Грэцыя? Наведайце востраў Сэрконас і яго індустрыяльную сталіцу Карнаку, «пэрліну поўдня». Турыстычны цэнтар вострава — Кулера, дзе адпачынак могуць сабе дазволіць нават ня самыя багатыя. І памятайце пра вэртыкальнае перасоўваньне — у Карнацы варта забрацца і вышэй.

Як дабрацца: Dishonored 2

Эджуотэр

Хочаце нечага зусім улётна-касьмічнага? Пачніце з Эджуотэра на Тэра-2. Горад не настолькі раскошны, як суседняя Бізантыя, але, як кажуць мясцовыя, «гэта не найлепшы выбар — гэта выбар касманаўта». Затое там можна знайсьці ўсе патрэбныя запчасткі для транспарту, каб дабрацца хоць на край сьвету.

Як дабрацца: The Outer Worlds

Брайт-Фолз

Для спакойнага адпачынку на прыродзе варта выбраць Брайт-Фолз, што ў штаце Вашынгтон. Вакол гораду і горы, і лясы, і возера, пра якое пісьменьнік Алан Уэйк казаў: «Гэта ня возера, гэта акіян». Не прамініце тамтэйшы маяк і абавязкова наведайце Лэдзі Сьвятла.

Як дабрацца: Alan Wake

Аркедыя-Бэй

Дарэчы пра прыроду, горы і маякі: каб спалучыць іх з моладзевай культурай, наведайце Аркедыя-Бэй у штаце Арэгон. Тамтэйшая мастацкая школа прыцягвае таленавітых і неардынарных маладзёнаў, а турыстаў могуць зацікавіць і незвычайныя прыродныя зьявы, як раптоўны сьнег сярод цёплай восені. Кажуць, там хочацца адматаць час назад, каб зноў пражыць кожнае імгненьне.

Як дабрацца: Life Is Strange

Почынкі

Што вабіць людзей на закінутым востраве Эрангель? Цяжка сказаць, але бывае, што кожную хвіліну зь неба валіцца проста сотня парашутыстаў! Большасьць кіруецца адразу ў Почынкі — горад у самым цэнтры вострава — і шукае там славуты курыны абед.

Як дабрацца: PlayerUnknown's Battlegrounds

* * *

Усе згаданыя гарады выдуманыя і віртуальныя, існуюць толькі ў відэагульнях. У час пандэміі каранавірусу мэдыкі рэкамэндуюць устрымацца ня толькі ад падарожжаў, а і ад лішняга кантакту зь людзьмі. Захоўваць «сацыяльную дыстанцыю» і заставацца дома заклікае і Мінздароўя Беларусі.