Ярмошына ня лічыць, што каранавірус можа стаць падставай для пераносу прэзыдэнцкіх выбараў 

Лідзія Ярмошына

Падставай для пераносу прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі на фоне пандэміі каранавірусу можа стаць увядзеньне ў краіне рэжыму надзвычайнага становішча.

Аднак з улікам цяперашняй сытуацыі нічога падобнага не прадбачыцца, заявіла агенцтву «​РИА Новости»​ старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можна было ў 1994 пазьбегнуць увядзеньня прэзыдэнцтва

Прэзыдэнцкая кампанія павінна прайсьці сёлета. Паводле Ярмошынай, адзінай магчымай датай для іх правядзеньня можа быць 30 жніўня — супала, што гэта якраз дзень нараджэньня Лукашэнкі.

«Толькі калі будзе абвешчанае надзвычайнае становішча, гэта дае падставу для пераносу выбараў, так сказана ў Канстытуцыі. Але калі будзе сытуацыя ў краіне такая ж, як цяпер, то ніякіх падставаў для пераносу няма», — сказала Ярмошына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася тэставая вэрсія сайту для галасаваньня на апазыцыйных праймэрыз. Абіраць можна з 3 кандыдатураў

Кіраўніца Цэнтарвыбаркаму зьвярнула ўвагу, што, згодна зь беларускім заканадаўствам, выбары павінны быць прызначаныя не пазьней за тры месяцы да іх правядзеньня. Па яе словах, абвяшчэньне даты можа адбыцца ў канцы траўня. Для гэтага павінна сабрацца сэсія Палаты прадстаўнікоў і прыняць адпаведную пастанову.